Пошук

Папа Францішак і арцыбіскуп Георг Генсвайн Папа Францішак і арцыбіскуп Георг Генсвайн 

Папа прызначыў арцыбіскупа Генсвайна нунцыем у краінах Балтыі

24 чэрвеня 2024 года Папа Францішак прызначыў арцыбіскупа Георга Генсвайна Апостальскім нунцыем у Літве, Латвіі і Эстоніі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

67-гадовы былы прэфект Папскага дома і шматгадовы асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI змяніў на гэтай пасадзе арцыбіскупа Пэтара Раіча, які 11 сакавіка 2024 года завяршыў сваю дыпламатычную місію ў краінах Балтыі. Пантыфік прызначыў яго нунцыем у Італіі і Сан-Марына.

Арцыбіскуп Георг Генсвайн пачаў працу ў структурах Апостальскай Сталіцы ў 1995 годзе як супрацоўнік Кангрэгацыі па справах Божага Культа і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. У 1996 годзе ён перайшоў у Дыкастэрыю Веравучэння, якую тады ўзначальваў кардынал Ёзэф Ратцынгер, а ў 2003 годзе стаў асабістым сакратаром будучага Папы. У 2012 годзе ён быў прызначаны таксама прэфектам Папскага дома і атрымаў тытул арцыбіскупа.

Пасля смерці Бэнэдыкта XVI нямецкі іерарх працягваў служэнне ў Ватыкане. У лютым 2023 года ён сышоў з пасады прэфекта Папскага дома, а ў чэрвені вярнуўся ў свой родны Фрайбург. 3 студзеня 2024 года Францішак прымаў арцыбіскупа Генсвайна, які прыбыў у Рым з нагоды цэлебрацыі Імшы ў першую гадавіну смерці Бэнэдыкта XVI, на прыватнай аўдыенцыі ў Доме святой Марты.
 

24 чэрвеня 2024, 12:26