Пошук

Кардынал Кельвін Эдвард Фелікс Кардынал Кельвін Эдвард Фелікс 

Папа спачувае ў сувязі са смерцю кардынала Фелікса

30 мая 2024 года ва ўзросце 91 года памёр кардынал Кельвін Эдвард Фелікс. Ён быў першым кардыналам Сент-Люсіі і ганаровым арцыбіскупам Кастры.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У спачувальнай тэлеграме Францішак выказаў свае глыбокія спачуванні духавенству, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам архідыяцэзіі Кастры, а таксама ўсяму Касцёлу ў Вест-Індыі. Папа з глыбокай удзячнасцю ўзгадаў “шматгадовае самаадданае біскупскае служэнне” кардынала Фелікса, асабліва яго намаганні ў галіне адукацыі моладзі і яго ўклад у Касцёл Карыбскага рэгіёна. Святы Айцец даручыў душу памерлага “любові і міласэрнасці нашага нябеснага Айца” і перадаў усім, хто аплаквае яго скон, апостальскае благаслаўленне “як залог суцяшэння і міру ва Уваскрослым Пане”.

Кардынал Кельвін Эдвард Фелікс нарадзіўся 15 лютага 1933 года ў горадзе Разо на Дамініке і скончыў семінарыю ў Трынідадзе. Атрымаў святарскае пасвячэнне 8 красавіка 1956 года, стаўшы першым дыяцэзіяльным святаром з Разо і першым каталіцкім святаром, пасвечаным на Дамініцы. Атрымаў ступень у галіне сацыялогіі і антрапалогіі, быў прафесарам сацыялогіі Універсітэта Вест-Індыі. У 1981-2008 гадах быў арцыбіскупам Кастры (Сэнт-Люсія). Доўгі час узначальваў Канферэнцыю Касцёлаў Карыбскага басейна, быў старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Антыльскіх астравоў і апостальскім адміністратарам дыяцэзіі Брыджтаўн (Барбадас), а таксама членам Папскай рады па справах сям'і, Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу і Сінадальнай рады Амерыкі. Францішак прызначыў яго кардыналам на кансісторыі 22 лютага 2014 года.

01 чэрвеня 2024, 12:18