Пошук

Папа: універсальная мова музыкі спрыяе адзінству і радасці

Музыка стварае гармонію, прыносіць суцяшэнне, распальвае энтузіязм і адлюстроўвае Божае святло праз прыгажосць і паэзію, адзначыў Францішак у прамове да ўдзельнікаў IV Міжнароднай сустрэчы харавых калектываў.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У мерапрыемстве, якое праходзіць у Ватыкане 8 чэрвеня 2024 года, прымаюць удзел парафіяльныя і дыяцэзіяльныя хары, scholæ cantorum, хары капэл, дырыжоры і музыканты, аб'яднаныя верай і музыкальным запалам. Яны сабраліся, каб абмеркаваць і глыбей зразумець ролю музыкі ў літургіі.

Папа цёпла прывітаў гасцей і падзякаваў мансеньёру Марка Фрызіне і Новай оперы (Nova Opera) за падтрымку ініцыятывы, прымеркаванай да саракавой гадавіны заснавання хору Рымскай дыяцэзіі. Ён выказаў спадзяванне, што гэтая гадавіна натхніць харыстаў на працяг каштоўнага служэння як у Рыме, так і ва ўсім свеце. Францішак падкрэсліў тры важныя аспекты іх служэння: гармонію, адзінства і радасць.

Па-першае, музыка стварае гармонію, прыносіць суцяшэнне, распальвае энтузіязм і адлюстроўвае Божае святло праз прыгажосць і паэзію. Універсальная мова музыкі не патрабуе перакладу, што робіць яе зразумелай і даступнай як для экспертаў, так і для простых людзей. Музыка вучыць уважліва слухаць, узвышае эмоцыі, пачуцці і думкі, заахвочвае сузіральны светапогляд, спрыяе адзінству і пераадольванню рознагалоссяў і суперніцтва. Музыка таксама дапамагае выявіць і выправіць дысанансы і фальшывыя ноты ў гарманічнай кампазіцыі, адзначыў Пантыфік.

Па-другое, хор спявае разам, а не паасобку, ён увасабляе Касцёл і свет, у якім мы жывем. Як і ў канцэртным выкананні, кожны чалавек уносіць свой унікальны ўклад у адпаведнасці са сваімі здольнасцямі, раскрываючы сваё багацце ў сімфоніі адзінства. “Поспех харавога выканання або аркестра залежыць ад самааддачы кожнага. Гэта адлюстроўвае жыццё Касцёла і наша ўласнае жыццё, дзе кожны выконвае сваю ролю на карысць усяго грамадства”, - сказаў Святы Айцец.

Нарэшце, ключавы элемент – гэта радасць. Харысты і музыканты з'яўляюцца захавальнікамі багатай спадчыны мастацтва, прыгажосці і духоўнасці, яны пакліканы абараняць яе ад негатыўных уплываў, такіх як карыслівасць і падзел. Папа параіў ім падтрымліваць высокі духоўны настрой з дапамогай малітвы і разважання над Словам Божым, удзельнічаць у літургіях, весці адпаведны лад паўсядзённага жыцця.

Напрыканцы прамовы Францішак падзякаваў удзельнікам хору за іх служэнне, благаславіў іх і папрасіў маліцца за яго.

08 чэрвеня 2024, 11:14