Пошук

Папа: будаваць Касцёл і грамадства з адчыненымі дзвярыма

Адчыніць Езусу дзверы нашага жыцця заклікаў Францішак 29 чэрвеня 2024 года, ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа ўзначаліў святочную Імшу ў ватыканскай базіліцы, падчас якой благаславіў паліі новых арцыбіскупаў-мітрапалітаў. У літургіі прынялі ўдзел каля 5500 вернікаў.

У гаміліі Святы Айцец нагадаў натхняльную гісторыю жыцця апосталаў Пятра і Паўла – рыбака з Галілеі, якога Езус зрабіў рыбаком людзей, і фарысея, ганіцеля Касцёла, ператворанага ласкай Божай у евангеліста народаў. “Сустрэўшы Пана, яны перажылі сапраўдны велікодны досвед: яны былі вызваленыя, і перад імі адчыніліся дзверы новага жыцця”, - сказаў Пантыфік, прапанаваўшы паразважаць над вобразам дзвярэй напярэдадні Юбілейнага года.

“Евангельскі ўрывак аб вызваленні Пятра з турмы змяшчае мноства вобразаў, якія нагадваюць нам пра велікодны досвед: падзея адбываецца падчас свята праснакоў; Ірад нагадвае постаць егіпецкага фараона; вызваленне адбываецца ноччу, як гэта было з ізраільцянамі; анёл дае Пятру тыя ж загады, якія былі дадзены Ізраілю: хутка ўстаць, апрануць пояс і сандалі. Такім чынам, гэта аповед пра новы Зыход: Бог вызваляе свой Касцёл, свой зняволены народ, і зноў паўстае як Бог міласэрнасці, які падтрымлівае яго на гэтым шляху”, - сказаў Папа.

“І ў тую ноч вызвалення спачатку цудоўным чынам адчыніліся дзверы турмы, затым Пётр і анёл, які суправаджае яго, "падышлі да жалезнай брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі" (Дз 12, 10). Гэта Бог адчыняе дзверы, гэта Ён вызваляе і пракладае шлях”, - адзначыў Пантыфік.

Шлях апостала Паўла таксама, перш за ўсё, уяўляе сабой велікодны досвед. Спачатку ён навяртаецца на шляху ў Дамаск, а затым, у пастаянным сузіранні ўкрыжаванага Хрыста. Сустрэча з Панам распальвае ў жыцці Паўла евангельскі запал. У канцы свайго жыцця ён заяўляе: "Пан стаў пры мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне здзейснілася прапаведаванне і каб пачулі ўсе язычнікі” (2 Цім 4, 17).

Каб распавесці пра тое, як Пан даў яму шмат магчымасцяў абвяшчаць Евангелле, апостал Павел выкарыстоўвае вобраз адчыненых дзвярэй. Прыбыўшы ў Антыёхію з Барнабам, яны “сабралі Касцёл, расказалі, што Бог учыніў з імі і як Ён адчыніў брамы веры язычнікам” (Дз 14, 27). Гэты ж вобраз адчыненых дзвярэй ён выкарыстоўвае, звяртаючыся да карынцянаў (1 Кар 16, 9) і да каласянаў (Клс 4, 3).

“Браты і сёстры, абодва апостала, Пётр і Павел, атрымалі гэты досвед ласкі. Яны выпрабавалі на сабе дзеянне Бога, Які адчыніў дзверы іх унутранай турмы, а таксама тых сапраўдных турмаў, у якіх яны былі зачыненыя з-за Евангелля. Ён таксама адчыніў перад імі дзверы евангелізацыі, каб яны маглі выпрабаваць радасць сустрэчы са сваімі братамі і сёстрамі ў новых супольнасцях і несці ўсім надзею на Евангелле”, - зазначыў Францішак, нагадаўшы, што Касцёл зноў рыхтуецца адчыніць Святыя дзверы.

Напрыканцы гаміліі Папа заклікаў новых арцыбіскупаў-мітрапалітаў “быць дбайнымі пастырамі, якія адчыняюць дзверы Евангелля і якія сваім служэннем дапамагаюць будаваць Касцёл і грамадства з адчыненымі дзвярыма”.

Святы Айцец сардэчна прывітаў дэлегацыю Сусветнага Патрыярхату, падзякаваўшы за прысутнасць, якая сведчыць пра “агульнае імкненне да поўнага адзінства паміж Цэрквамі”.

“Няхай святыя Пётр і Павел дапамогуць нам адчыніць Езусу дзверы нашага жыцця, хай заступаюцца за нас, за Рым і за ўвесь свет. Амэн”, - завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.

29 чэрвеня 2024, 10:43