Пошук

Святы Айцец да мусульман: усе мы – адна чалавечая сям'я

Сведчыць аб братэрстве, вырашаючы непаразуменні з пакорай і цярпеннем, заклікаў Францішак прадстаўнікоў мусульманскай супольнасці італьянскай Балонні, якіх 26 чэрвеня 2024 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Папа ўручыў сваім гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы, у якой паразважаў пра важнасць чалавечага братэрства.

“Езус вучыў нас вітаць адзін аднаго як братоў. І гэта адносіцца перш за ўсё да нас, хрысціян, яўрэяў і мусульман, якія вераць у адзінага Бога і спасылаюцца, хоць і па-рознаму, на Абрама як на айца ў веры”, - напісаў Папа. Ён падкрэсліў, што сведчанне аб братэрстве сёння незаменна і каштоўна. Кожны, незалежна ад сваёй веры, “пакліканы быць адкрытым і ветлівым да тых, хто не падзяляе яе, таму што ўсе мы – члены адной чалавечай сям'і”, - нагадаў Святы Айцец.

На думку Папы, шчыры і паважлівы дыялог паміж хрысціянамі і мусульманамі неабходны для падпарадкавання волі Бога, які жадае, каб Яго дзеці любілі адзін аднаго, дапамагалі адзін аднаму і вырашалі непаразуменні з пакорай і цярпеннем.

Пантыфік нагадаў пра важнасць прызнання годнасці і правоў кожнага чалавека, асабліва права на свабоду сумлення і рэлігіі, якое азначае, што кожны чалавек павінен быць цалкам вольны ў дачыненні да свайго рэлігійнага выбару. “Акрамя таго, кожны вернік павінен свабодна прапаноўваць – ніколі не навязваць! – сваю рэлігію іншым людзям, вернікам ці не. Гэта выключае любую форму празелітызму”, - гаворыцца ў прамове Францішка.

Святы Айцец выказаў спадзяванне, што мусульманскія супольнасці Італіі змогуць падтрымліваць добрыя адносіны з Каталіцкім Касцёлам: з біскупамі, духавенствам і вернікамі, спрыяючы ўзаемнай павазе і сяброўству. Свет, асабліва ў гэты гістарычны момант, мае патрэбу ў “рамесніках” міру, - падкрэсліў Францішак.

26 чэрвеня 2024, 12:58