Пошук

Святы Айцец да паслоў: будаваць масты паміж народамі

8 чэрвеня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы новых надзвычайных і паўнамоцных паслоў Эфіопіі, Замбіі, Танзаніі, Бурундзі, Катара і Маўрытаніі з нагоды ўручэння даверчых грамат.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сваім звароце Святы Айцец прывітаў кіраўнікоў і грамадзян гэтых дзяржаў, запэўніўшы ў сваёй малітве за іх. Разважаючы аб дыпламатычных абавязках паслоў, ён вылучыў тры фундаментальных прынцыпу: сям'я, надзея і мір.

Папа падкрэсліў важнасць сям'і як асновы для выхавання каштоўнасцяў любові, братэрства і клопату, нагадаўшы, што ўсе народы з'яўляюцца часткай адзінай чалавечай сям'і. Ён заклікаў дыпламатаў умацоўваць гэтыя каштоўнасці, паколькі яны неабходныя для развіцця чалавека і прагрэсу ўсіх народаў.

Францішак звярнуў увагу на сучасныя глабальныя выклікі, якія пагражаюць сям'і нацый, такія як канфлікты ў Судане, Украіне, Палесціне і Гаіці, а таксама на такія гуманітарныя крызісы, як адсутнасць жылля, харчавання, вады і медыкаментаў, вымушаная міграцыя, гандаль людзьмі, наступствы змены клімату і эканамічны дысбаланс. “Акрамя таго, сур'ёзную заклапочанасць выклікае зніжэнне нараджальнасці, з якім сутыкаюцца многія краіны”, - заўважыў Святы Айцец. Па яго словах, гэтыя праблемы патрабуюць канструктыўнага і сумленнага дыялогу для пошуку агульных рашэнняў і гарантыі лепшай будучыні для новых пакаленняў.

Адказ на гэта звязаны з другім словам – надзеяй. Надзея – цэнтральнае пасланне Юбілейнага года. Папа падкрэсліў, што надзея – гэта моц, якая супрацьстаіць роспачы, песімізму і нават цынізму, прызнае, што ў нашым свеце прысутнічае дабро, і дае людзям магчымасць вырашаць сучасныя праблемы. Ён выказаў упэўненасць, што паслы з'яўляюцца сімваламі надзеі, будаўнікамі мастоў паміж народамі. Іх дзейнасць не толькі ўмацоўвае адносіны са Святым Пасадам, але і спрыяе пабудове справядлівага і гуманнага грамадства, у якім усе могуць развіваць свой патэнцыял.

Нарэшце, Францішак назваў мір плёнам узаемаадносін, у якіх паважаецца годнасць кожнага чалавека. Ён заклікаў дыпламатаў быць міратворцамі і выказаў надзею на тое, што іх намаганні дапамогуць пераадолець глабальную несправядлівасць, дыскрымінацыю, беднасць і няроўнасць.

08 чэрвеня 2024, 13:18