Святы Айцец да студэнтаў: заставацца вернымі сваім перакананням
Марыя Валодзіна – Vatican News
Дыялог Папы з моладдзю адбыўся ў рамках ініцыятывы Будаўніцтва мастоў (Building Bridges), арганізаванай чыкагскім Універсітэтам Ігнацыя Лаёлы і Папскай камісіяй па справах Лацінскай Амерыкі. Ён стаў чацвёртай віртуальнай сустрэчай Папы са студэнтамі. Першыя тры размовы з амерыканскай, афрыканскай і азіяцкай моладдзю прайшлі ў 2022 і 2023 гадах.
Сярод удзельнікаў сустрэчы былі студэнты розных спецыяльнасцяў з Аўстраліі, Інданезіі, Паўднёвай Карэі, Тайваню, Філіпінаў, Японіі, а таксама з Сінгапура, Усходняга Тымора і Папуа-Новай Гвінеі – краін, якія Францішак плануе наведаць у верасні.
Захоўваць пачуццё прыналежнасці
Звяртаючыся да прысутных на іспанскай мове, Святы Айцец паразважаў на такія тэмы, як пачуццё прыналежнасці да грамадства і пра тое, як яно павышае нашу ўпэўненасць у сабе і нашу чалавечую годнасць, ратуючы нас ад уразлівасці, “таму што сёння моладзь вельмі ўразлівая”. “Мы заўсёды павінны захоўваць гэта пачуццё прыналежнасці, каб прадухіліць уразлівасць", - параіў Папа. Ён нагадаў студэнтам аб неабходнасці звяртацца па дапамогу, калі яны знаходзяцца ва ўразлівым становішчы, падкрэсліў унікальную ролю жанчын, а таксама закрануў пытанні псіхічнага здароўя, дыскрымінацыі і стыгматызацыі.
Выхаванне і асвета
Пантыфік падкрэсліў неабходнасць эфектыўнай адукацыі, якая б закранала “сэрца, розум і рукі”. “Вось як мы павінны выхоўваць моладзь”, - сказаў ён, адзначыўшы, што гэтая дынаміка ніколі не павінна быць забытая.
Цвёрдасць у веры
Папа таксама перасцярог ад небяспекі размывання хрысціянства і заклікаў студэнтаў заставацца цвёрдымі ў веры. Ён нагадаў пра пераслед хрысціян на працягу ўсёй гісторыі хрысціянства і пра тое, як важна быць вернымі сваім перакананням.
Ідэалогія – гэта хвароба
Францішак заклікаў да большага ўсведамлення трагедый мінулага і да адмовы ад ідэалагічных крайнасцяў, выступаючы за гармонію, мір і дыялог з іншымі культурамі. "Не вайне! У гэтым адчайным, безнадзейным свеце, мы павінны звярнуцца да нашых каштоўнасцяў", - сказаў ён.
Напрыканцы сустрэчы Францішак благаславіў студэнтаў і падзякаваў ім за разважанні, палічыўшы іх карыснымі для падрыхтоўкі да будучага падарожжа ў Азію і Акіянію.