Пошук

Святы Айцец: наш свет мае патрэбу ў водары хлеба любові

Пра тры аспекты Эўхарыстыі – удзячнасць, памяць і прысутнасць Хрыста – нагадаў Францішак падчас Імшы, якую ён цэлебраваў 2 чэрвеня 2024 года ў базіліцы святога Яна на Латэране з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У гаміліі Святы Айцец прапанаваў паразважаць над евангельскім урыўкам, у якім Езус “узяўшы хлеб, благаславіў” (Мк 14:22). Папа звярнуў увагу на тры аспекты Сакрамэнту Эўхарыстыі: удзячнасць, памяць і прысутнасць.

Па-першае, Эўхарыстыя азначае падзяку, удзячнасць Богу за Яго дары. Хлеб, які з'яўляецца нашай паўсядзённай ежай, сімвалізуе наша жыццё, працу, поспехі і няўдачы. Эўхарыстыя вучыць нас заўсёды “благаслаўляць, вітаць і шанаваць Божыя дары” не толькі ў свята, але і ў паўсядзённым жыцці.

Францішак заахвоціў вернікаў успрымаць кожнага чалавека як дар, кожную раніцу з удзячнасцю вітаць адзін аднаго. Выкананне нашай працы, якой бы сціплай яна ні была, з любоўю, дакладнасцю і дбайнасцю – гэта таксама выраз падзякі. “Кожная добрая справа святая і ўнікальная ў вачах Бога”, - нагадаў Пантыфік, запрашаючы вернікаў кожны вечар за сямейным сталом узгадваць пра добрыя ўчынкі, сведкамі якіх яны былі на працягу дня.

Па-другое, "благаслаўляць хлеб" азначае памятаць пра Вялікдзень, пра Муку і Ўваскрасенне Пана, якімі Ён вызваліў нас ад граху і смерці. Эўхарыстыя – гэта напамін пра ахвяру Езуса і прыклад Яго служэння. “Ёсць людзі, якія кажуць, што сапраўдная свабода – гэта думаць толькі пра сябе, атрымліваць асалоду ад жыцця, рабіць тое, што заўгодна, не звяртаючы ўвагі на іншых. Гэта не свабода, а рабства”, - сказаў Святы Айцец, нагадваючы, што сапраўдная свабода заключаецца ў бескарыслівым служэнні, а не ў эгаістычных памкненнях.

Нарэшце, Эўхарыстычны хлеб сімвалізуе сапраўдную прысутнасць Хрыста, падкрэсліваючы блізкасць Бога і Яго салідарнасць з чалавецтвам. Яго прысутнасць заклікае нас быць бліжэй да нашых братоў і сясцёр, прапаноўваючы ім сваю дапамогу і сяброўства. Наш свет адчайна мае патрэбу ў водары гэтага хлеба любові, каб супрацьстаяць вайне, эгаізму і абыякавасці, - патлумачыў Папа.

Эўхарыстычная працэсія сімвалізуе прыход Хрыста ў гэты свет. “Мы робім гэта не для таго, каб пакрасавацца або выставіць напаказ нашу веру, а для таго, каб запрасіць усіх прыняць удзел у Эўхарыстыі, у новым жыцці, якое даў нам Езус”, - сказаў Пантыфік.

Пасля Імшы ў базіліцы святога Яна на Латэране Францішак узначаліў пешую працэсію да базілікі Санта-Марыя-Маджорэ. На яе завяршэнне ён удзяліў вернікам благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

02 чэрвеня 2024, 19:20