Пошук

Пантыфік: мір зыходзіць з сэрцаў, ператвораных Божай любоўю

Не пераставаць марыць аб міры і будаваць мірныя адносіны, - заклікаў Папа, нагадваючы, што не можа быць міру, калі мы не дазволім самому Богу абяззброіць нашыя сэрцы, зрабіць іх гасціннымі, спагадлівымі і міласэрнымі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Увечары 7 чэрвеня 2024 года Францішак правёў малітву ў Ватыканскіх садах з нагоды гістарычнага закліку да міру ў Святой Зямлі, які дзесяць гадоў таму, 8 чэрвеня 2014 года, скіраваў з гэтага самага месца разам з Прэзідэнтам Ізраіля Шымонам Перэсам, Прэзідэнтам Палесціны Махмудам Абасам і Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем І.

Вайна – горкая параза перад сіламі зла

Пантыфік адзначыў важнасць памяці пра гэту падзею, асабліва ў святле таго, што, на жаль, адбываецца ў Ізраілі і Палесціне.

“Вось ужо некалькі месяцаў мы назіраем за ростам варожасці і бачым, як на нашых вачах гіне мноства нявінных людзей. Усе гэтыя пакуты, жорсткасць вайны, гвалт, які яна развязвае, і нянавісць, якую яна сее ў будучых пакаленнях, павінны пераканаць нас у тым, што “кожная вайна пакідае наш свет у горшым стане, чым яго застала. Вайна – гэта правал палітыкі і чалавецтва, ганебная капітуляцыя, горкая паражэнне перад сіламі зла”, - сказаў ён.

Па словах Папы, “замест таго каб падманваць сябе тым, што вайна можа вырашыць праблемы і прывесці да міру, мы павінны быць крытычныя і пільныя ў адносінах да ідэалогіі, якая, на жаль, дамінуе сёння, паводле якой “канфлікт, гвалт і разбурэнне з’яўляюцца часткай нармальнага функцыянавання грамадства”.

Давайце не пераставаць марыць аб свеце і будаваць мірныя адносіны!

Францішак адзначыў, што “ў часы, пазначаныя трагічнымі канфліктамі, неабходна зноў заявіць аб сваёй прыхільнасці да пабудовы мірнага свету”. “Усім, вернікам і людзям добрай волі, я хацеў бы сказаць: давайце не пераставаць марыць аб міры і будаваць мірныя адносіны!”, - сцвердзіў ён.

Папа прызнаўся, што кожны дзень моліцца аб заканчэнні вайны паміж Ізраілем і Палесцінай і думае пра людзей, якія пакутуюць ад яе: пра хрысціян, юдэяў і мусульман. Ён згадаў пра тэрміновую патрэбу спыніць агонь, як мага хутчэй вызваліць ізраільскіх заложнікаў, аказаць палесцінскаму насельніцтву гуманітарную дапамогу, адбудаваць разбураныя дамы, каб у іх маглі вярнуцца людзі. Святы Айцец выказаў блізкасць палесцінцам і ізраільцянам, якія прыкладаюць намаганні на карысць міру.

“Мы ўсе павінны працаваць і прыкладаць высілкі для дасягнення трывалага міру, у якім Дзяржава Палесціна і Дзяржава Ізраіль змогуць жыць бок аб бок, разбураючы сцены варожасці і нянавісці; мы ўсе павінны трымаць у сэрцы Іерусалім, каб ён стаў горадам братэрскай сустрэчы паміж хрысціянамі, яўрэямі і мусульманамі, абароненым асаблівым статутам, гарантаваным на міжнародным узроўні”, - сказаў Францішак.

Мір зыходзіць з ператвораных сэрцаў

Святы Айцец нагадаў пра важнасць малітвы за мір, як аб дары Божай міласэрнасці. “Мір заключаецца не толькі на паперы пагадненняў ці за сталамі чалавечых і палітычных кампрамісаў. Ён зыходзіць з ператвораных сэрцаў, ён узнікае, калі кожнага з нас дасягае і дакранаецца Божая любоў, якая растварае наш эгаізм, разбівае нашы забабоны і дорыць нам смак і радасць сяброўства, братэрства і ўзаемнай салідарнасці. Не можа быць міру, калі мы не дазволім Самому Богу абяззброіць нашыя сэрцы, зрабіць іх гасціннымі, спагадлівымі і міласэрнымі”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік заахвоціў прасіць Бога, каб аліўкавае дрэва, пасаджанае ў Ватыканскіх садах падчас малітвы за мір у Святой Зямлі дзесяць гадоў таму, яшчэ больш вырасла, нагадаўшы, што яно ўжо стала больш вялікім і прыгожым, дзякуючы таму, што яго абаранялі ад вятроў і клапатліва палівалі. “Гэтак жа мы павінны прасіць Бога, каб мір прарос у сэрцы кожнага чалавека, у кожным народзе і кожнай краіне, на кожным кавалку зямлі, абаронены ад вятроў вайны і паліваны тымі, хто штодня імкнецца жыць у братэрстве”, - сказаў ён.

Францішак заклікаў не пераставаць марыць аб міры, які дорыць нам радасць адчування сябе часткай адзінай чалавечай сям’і. “Давайце ж папросім Пана, каб кіраўнікі дзяржаў і бакі ў канфлікце знайшлі шлях да згоды і адзінства. Няхай усе яны прызнаюць адзін аднаго братамі”, - заахвоціў Святы Айцец, пасля чаго прапанаваў прысутным паўтарыць словы малітвы аб міры, якая была прамоўлена ў Ватыканскіх садах дзесяць гадоў таму.
 

07 чэрвеня 2024, 18:30