Святы Айцец: няхай усе палонныя вернуцца дамоў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Звяртаючыся да вернікаў і пілігрымаў, якія сабраліся на ватыканскай плошчы ў Дзень святых Пятра і Паўла, Святы Айцец павіншаваў рымлян з урачыстасцю нябесных заступнікаў Вечнага горада. “Асабліва вітаю рымлян! Сёння я хацеў бы, каб маё прывітанне, разам з маёй малітвай, дасягнула ўсіх жыхароў Рыма. Малюся за сем'і, асабліва тыя, якія перажываюць цяжкасці, за пажылых людзей, найбольш адзінокіх; за хворых, зняволеных і тых, хто па розных прычынах жыве ў цяжкім становішчы”, - сказаў Пантыфік.
“Я з болем думаю пра братоў і сясцёр, якія пакутуюць ад вайны. Давайце маліцца за ўсе народы, якія пацярпелі ад баявых дзеянняў або жывуць пад іх пагрозай, каб Бог вызваліў іх і падтрымаў іх у барацьбе за мір”, - сказаў Папа.
Святы Айцец узнёс падзяку Богу за вызваленне з расійскага палону двух украінскіх грэка-каталіцкіх святароў, айцоў Івана Лявіцкага і Багдана Гелеты. “Хай усе палонныя гэтай вайны хутка вернуцца дадому! Давайце памолімся разам: няхай усе палонныя вернуцца дамоў!” - заклікаў Францішак.