Пошук

Святы Айцец рымскім дабрачынцам: бедныя – скарб Касцёла

24 чэрвеня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Кола святога Пятра – дабрачыннага аб’яднання, якое ўжо на працягу 155 гадоў дапамагае бедным Рыма ад імя Папы і Касцёла.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей памятаць пра ўласныя карані, без якіх “няма жыцця і будучыні”. Ён заахвоціў дабрачынцаў пазбягаць “музеефікацыі” сваёй гісторыі і не “стэрылізаваць” карані, а перадаваць спадчыну каштоўнасцей і досведу новым пакаленням.

“Як прыемна думаць пра дзядулю з Кола святога Пятра, які перадае свой досвед унуку. Падумайце, колькі багацця жывой веры, канкрэтнай міласэрнасці, любові да бедных можа перадаць прыклад пажылога чалавека. І падумайце, колькі энергіі, колькі крэатыўнасці, колькі запалу можа даць малады чалавек”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Мне згадваецца благаслаўлёны П’ер Джорджа Фрасаці, які хадзіў па дамах бедных у Турыне, несучы дапамогу. П’ер Джорджа паходзіў з багатай сям’і, якая належала да вышэйшага класу, але не рос на “пярынах”, не згубіўся ў “прыгожым жыцці”, бо ў ім была лімфа Святога Духа, была любоў да Езуса і братоў”, - нагадаў Папа.

Францішак звярнуў увагу на падрыхтоўку Рыма да Юбілею 2025 года, адзначаючы важнасць не толькі шматлікіх будаўнічых прац, але таксама клопату пра бедных, які дае магчымасць напоўніць горад духам міласэрнай любові.

“Пілігрымы і турысты, якія прыбываюць у Рым, павінны дыхаць паветрам хрысціянскай любові, якая не з’яўляецца проста аказаннем матэрыяльнай дапамогі, а клопатам пра годнасць, блізкасцю, жывым удзелам, якія ажыццяўляюцца без рэкламы і пражэктараў. Сваёй прысутнасцю, блізкасцю, спагадай і ласкавасцю вы таксама рыхтуеце горад да Юбілею, клапоцячыся не пра дарогі і інфраструктуру, але пра сэрцы і целы бедных, якія, як казаў святы Лаўрэнцій, з’яўляюцца скарбам Касцёла”, - падкрэсліў Пантыфік.
 

24 чэрвеня 2024, 11:40