Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Святы Айцец: сберагчы сваю веру і культуру ў век глабалізацыі

Сведчанне святога Калумбана застаецца актуальным для нас, “пагружаных у практычны матэрыялізм і свайго роду неапаганства”, - адзначыў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў Дня святога Калумбана – 2024.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў XXV Міжнароднай сустрэчы супольнасцей святога Калумбана, якія 22-23 чэрвеня 2024 года сабраліся ў італьянскай П'ячэнцы. Ён падзякаваў ім за “стварэнне сеткі духоўных і культурных сяброўскіх сувязяў у той частцы Еўропы, дзе вялікі ірландскі абат Калумбан і яго паплечнікі пакінулі след сваёй дабратворнай прысутнасці”. Пантыфік падкрэсліў, што гэтая ініцыятыва – нешта большае, чым гістарычная памяць. Гэта сродак пашырэння ведаў пра спадчыну святога Калумбана як крыніцу ўзбагачэння Касцёла і грамадства ў наш час.

Папа прызнаў відавочны кантраст “паміж сучаснай Еўропай і Еўропай VI і VII стагоддзяў”, а таксама паміж нашым ладам жыцця і мадэллю, прапанаванай святым Калумбанам і яго паплечнікамі. Тым не менш, яго сведчанне захоўвае сваю актуальнасць і сёння. Яно застаецца асабліва цікавым, нават прывабным для нас, “пагружаных у практычны матэрыялізм і свайго роду неапаганства”.

Ён нагадаў, што ірландскія манахі, сярод якіх быў і святы Калумбан, станавіліся пілігрымамі і місіянерамі, каб евангелізаваць тыя раёны Еўропы, дзе першы плён хрысціянскага росквіту быў пад пагрозай знікнення. Яны ўносілі значны ўклад у развіццё духоўнасці, асветы і этыкі нашага кантынента, захаванне і абнаўленне еўрапейскай культуры.

Святы Айцец заклікаў і ў нашы дні памятаць пра важнасць вывучэння Евангелля і захавання веры і культуры, каб не даць еўрапейскім супольнасцям страціць сваю ідэнтычнасць з-за глабалізацыі. Ён заахвоціў удзельнікаў сустрэчы ўносіць свой уклад у “пабудову Еўропы, якая складалася б з народаў, якія жывуць гарманічна, бок аб бок, захоўваючы сваю самабытнасць, але ў той жа час адкрыты для сустрэч і дыялогу з іншымі культурамі”.

Падзякаваўшы ўдзельнікам ініцыятывы за іх дзейнасць, натхнёную Евангеллем, Папа даручыў іх заступніцтву святога Калумбана і благаславіў іх, просячы маліцца аб ім.

Святы Калумбан, ірландскі місіянер VI-VII стагоддзяў
Святы Калумбан, ірландскі місіянер VI-VII стагоддзяў
23 чэрвеня 2024, 19:53