Пошук

Святы Айцец сустрэўся з касцёльнай дэлегацыяй з Амазоніі

3 чэрвеня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў Касцёльнай канферэнцыі Амазоніі (CEAMA) і Панамазонскай касцёльнай сеткі (REPAM).

Марыя Валодзіна - Vatican News

У інтэрв'ю Vatican News пасля сустрэчы з Пантыфікам кардынал Пэдра Барэта, старшыня Касцёльнай канферэнцыі Амазоніі, падкрэсліў, што народы Амазоніі называюць Францішка дзядулем, прызнаюць яго мудрым чалавекам, які вядзе наперад, служыць і заахвочвае жыццё.

Перуанскі іерарх распавёў аб тым, што на аўдыенцыі абмяркоўваўся прагрэс, дасягнуты Сінодам па Амазоніі, які прайшоў пяць гадоў таму, а таксама бягучыя праблемы, такія як забойства абаронцаў навакольнага асяроддзя, незаконная здабыча прыродных рэсурсаў, наступствы змены клімату.

Па словах кардынала Барэты, Папа заахвоціў гасцей працягваць працу, імкнучыся да таго, каб сінадальны вопыт у Амазоніі стаў узорам для Паўсюднага Касцёла. Іерарх адзначыў, што Касцёл у Амазоніі перажывае “спрыяльны час для абнаўлення” і прапануе новы шлях для Паўсюднага Касцёла.

Кардынал Барэта паведаміў, што 4 чэрвеня 2024 года ў штаб-кватэры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) у Рыме адбудзецца прэзентацыя актаў Сінода па Амазоніі на тэму Новыя шляхі да Касцёла і інтэгральнай экалогіі, а 7 чэрвеня ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце адбудзецца кангрэс па Сінадальным шляху Касцёла ў Амазоніі.

04 чэрвеня 2024, 12:13