Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Афіцыйная праграма папскага падарожжа ў Бельгію і Люксембург

З 26 па 29 верасня 2024 года Францішак наведае дзве еўрапейскія краіны. Зала Друку Святога Пасада апублікавала праграму 4-дзённага папскага візіту ў Бельгію і Люксембург.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У чацвер, 26 верасня, у 8.05 гадзін самалёт з Пантыфікам на борце вылеціць з міжнароднага аэрапорта Фьюмічына ў кірунку Люксембурга. Прылёт у аэрапорт Фіндэл запланаваны на 10.00. Пасля цырымоніі прывітання Святы Айцец здзейсніць візіт ветлівасці да Вялікага герцага Люксембурга, запланаваны на 10.45. Пасля гэтага Папа сустрэнецца з Прэм'ер-міністрам краіны, прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, да якіх звернецца з прамовай.

У другой палове дня ў катэдральным саборы Нотр-Дам пройдзе сустрэча Папы з каталіцкай супольнасцю краіны. Пасля цырымоніі развітання, якая пройдзе ў аэрапорце ў 17.45, Святы Айцец выляціць у Брусэль. Чакаецца, што ён прыбудзе ў сталіцу Бельгіі ў 19.10. Цырымонія прывітання адбудзецца на авіябазе Мельсбрук.

У пятніцу, 27 верасня, у 9.15 Папа сустрэнецца з Каралём Бельгіі ў Лакенскім палацы. У 9.45 адбудзецца сустрэча з Прэм'ер-міністрам, а ў 10.00 – сустрэча з уладамі і грамадзянскай супольнасцю, да якіх Пантыфік звернецца з прамовай.

У другой палове дня, у 16.30, Францішак сустрэнецца з выкладчыкамі Каталіцкага ўніверсітэта Лёвена, аднаго з найстарэйшых у Еўропе, які ў 2025 годзе будзе святкаваць сваё 600-годдзе.

Субота, 28 верасня, будзе прысвечана сустрэчы Францішка з духавенствам і моладдзю. У 10.00 раніцы ў базіліцы Найсвяцейшага Сэрца ў Кекельбергу Папа звернецца з прамовай да біскупаў, святароў, дыяканаў, кансэкраваных асоб, семінарыстаў і душпастыраў.

У 16.30 у актавай зале Каталіцкага ўніверсітэта Лювэн-Ла-Неў адбудзецца сустрэча Францішка са студэнтамі. У той жа дзень, па традыцыі, Пантыфік правядзе прыватную сустрэчу з прадстаўнікамі Таварыства Езуса.

Завершыцца апостальскае падарожжа ў нядзелю, 29 верасня, ранішняй Імшой на стадыёне імя Караля Бадуэна. Яна распачнецца ў 10.00 гадзін. Падчас набажэнства Папа прамовіць гамілію і малітву Анёл Панскі.

Пасля цырымоніі развітання, якая пройдзе на авіябазе Мельсбрук у 12.15, Святы Айцец вылеціць у Рым, дзе яго будуць чакаць каля 14.55.

20 ліпеня 2024, 10:35