Апублікавана праграма папскага падарожжа ў Азію і Акіянію
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа вылеціць з рымскага аэрапорта Ф'юмічына ў Джакарту ў панядзелак, 2 верасня, у 17.15. Прыбыццё ў міжнародны аэрапорт сталіцы Інданезіі запланавана на 11.30 у аўторак, 3 верасня, пасля чаго адбудзецца афіцыйная цырымонія прывітання.
У сераду, 4 верасня, Святы Айцец здзейсніць шэраг сустрэч. Раніцай ён наведае з візітам ветлівасці Прэзідэнта Інданезіі, сустрэнецца з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, да якіх звернецца з прамовай, а таксама правядзе прыватную сустрэчу з прадстаўнікамі Таварыства Езуса ў Апостальскай нунцыятуры.
У другой палове дня адбудзецца сустрэча Пантыфіка з біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і катэхізатарамі ў катэдральным саборы Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Запланавана прамова Святога Айца. Пасля гэтага Францішак сустрэнецца з моладдзю Scholas occurrentes.
У чацвер, 5 верасня, Папа прыме ўдзел у міжрэлігійнай сустрэчы, якая пройдзе ў мячэці Істыклал у Джакарце. Ён звернецца да яе ўдзельнікаў з прамовай. Пасля гэтага Святы Айцец правядзе сустрэчу з прадстаўнікамі дабрачынных арганізацый у сядзібе Канферэнцыі біскупаў Інданезіі. Увечары Францішак узначаліць Святую Імшу на гарадскім стадыёне, падчас якой прамовіць гамілію.
У пятніцу, 6 верасня, пасля цырымоніі развітання ў міжнародным аэрапорце Джакарты Францішак накіруецца ў Порт-Морсбі. Вылет з Джакарты запланаваны на 09.45, прыбыццё ў сталіцу Папуа-Новай Гвінеі на 18.50, пасля чаго адбудзецца афіцыйная цырымонія прывітання Папы.
Раніцай у суботу, 7 верасня, Пантыфік наведае з візітам ветлівасці Генерал-губернатара Папуа-Новай Гвінеі, правядзе сустрэчу з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, да якіх звернецца з прамовай.
У другой палове дня Францішак наведае дзяцей, якія вучацца ў сярэдняй тэхнічнай школе Карытас, а таксама правядзе сустрэчу з біскупамі Папуа-Новай Гвінеі і Саламонавых Астравоў, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і катэхізатарамі ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціян, падчас якой звернецца да іх з прамовай.
Раніцай у нядзелю, 8 верасня, Папа сустрэнецца з Прэм'ер-міністрам Папуа-Новай Гвінеі, які наведае яго ў Апостальскай нунцыятуры. Пасля гэтага Францішак узначаліць Святую Імшу на стадыёне Джона Гіза, падчас якой прамовіць гамілію і малітву Анёл Панскі.
У той жа дзень у 13.00 Папа вылеціць з міжнароднага аэрапорта Порт-Морсбі ў горад Ваніма, куды прыбудзе ў 15.15. Тут Святы Айцец сустрэнецца з мясцовымі вернікамі, якія збяруцца перад катэдральным саборам Святога Крыжа, а таксама правядзе прыватную сустрэчу з групай місіянераў. У той жа вечар ён вернецца самалётам у Порт-Морсбі.
У панядзелак, 9 верасня, пройдзе сустрэча Пантыфіка з моладдзю на стадыёне Джона Гіза, пасля якой ён накіруецца ў міжнародны аэрапорт Порт-Морсбі, дзе адбудзецца афіцыйная цырымонія развітання. У 11.40 самалёт з Францішкам на борце накіруецца ва Усходні Тымор, куды прыбудзе ў 14.10. У Міжнародным аэрапорце Дылі адбудзецца афіцыйная цырымонія прывітання, пасля чаго Папа здзейсніць візіт ветлівасці да Прэзідэнта Усходняга Тымора, а таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, да якіх звернецца з прамовай.
Раніцай у аўторак, 10 верасня, Францішак наведае школу для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, сустрэнецца з біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і катэхізатарамі ў Кафедральным саборы Беззаганнага Зачацця, а таксама правядзе прыватную сустрэчу з прадстаўнікамі Таварыства Езуса ў Апостальскай нунцыятуры. У другой палове дня Папа ўзначаліць Святую Імшу на плошчы Тачы Толу, падчас якой прамовіць гамілію.
У сераду, 11 верасня, Пантыфік звернецца да моладзі ў Кангрэс-цэнтры Дылі. Пасля цырымонія развітання ў міжнародным аэрапорце Дылі папскі самалёт накіруецца ў 11.15 у Сінгапур, куды прыбудзе ў 14.15. Пасля цырымоніі прывітання, Папа правядзе прыватную сустрэчу з прадстаўнікамі Таварыства Езуса ў Цэнтры святога Францішка Ксаверыя.
У чацвер, 12 верасня, Святы Айцец сустрэнецца з Прэзідэнтам і Прэм'ер-міністрам Сінгапура, а таксама правядзе сустрэчу з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, якая пройдзе ў культурным цэнтры Нацыянальнага ўніверсітэта Сінгапура. У другой палове дня Папа ўзначаліць Святую Імшу на Нацыянальным стадыёне SportsHub Сінгапура, падчас якой прамовіць гамілію.
Раніцай у пятніцу, 13 верасня, Пантыфік наведае групу пажылых і хворых людзей у Доме святой Тэрэзы, пасля чаго возьме ўдзел у міжрэлігійнай сустрэчы з моладдзю. У 11.50, пасля цырымоніі развітання ў сінгапурскім міжнародным аэрапорце, папскі самалёт накіруецца ў Рым. Прыбыццё ў Ф'юмічына запланавана на 18.25.