Пошук

Удзельнікі сустрэчы Этыка штучнага інтэлекту ў імя міру Удзельнікі сустрэчы Этыка штучнага інтэлекту ў імя міру  

Францішак: рашэнне прымае чалавек, а не штучны інтэлект

Рашэнне заўсёды павінна заставацца за чалавекам, - падкрэсліў Папа ў сваім пасланні да прадстаўнікоў рэлігіі, навукі і бізнесу, якія 9-10 ліпеня 2024 года сустракаюцца ў японскай Хірасіме для абмеркавання ўзаемасувязі паміж штучным інтэлектам і праблемамі міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Тое, што робіць машына, – гэта тэхнічны выбар з некалькіх магчымасцей, заснаваны або на выразна вызначаных крытэрыях, або на статыстычных высновах. Чалавек, наадварот, не толькі выбірае, але і ў глыбіні душы здольны прымаць рашэнні”, - нагадаў Францішак свае нядаўнія словы да палітычных лідараў Вялікай сямёркі. Ён дадаў, што рашэнне – гэта “больш стратэгічны элемент выбару”, і “яно патрабуе практычнай ацэнкі”, паколькі прымаецца з наступствамі для многіх людзей.

Пантыфік звярнуў увагу на неабходнасць усведамлення таго, “што рашэнне заўсёды павінна заставацца за чалавекам”, “хоць машыны, здаецца, і ўмеюць рабіць выбар самастойна”. “Мы асуджаем чалавецтва на безнадзейную будучыню, калі адбяром у людзей здольнасць прымаць рашэнні адносна сябе і свайго жыцця, асуджаючы іх на залежнасць ад выбару машын”, - звярнуўся ён да ўдзельнікаў сустрэчы Этыка штучнага інтэлекту ў імя міру (AI Ethics for Peace).

Трэба “гарантаваць і абараніць значную прастору для чалавечага кантролю над працэсам выбару праграм штучнага інтэлекту”, паколькі “на карту пастаўлена сама чалавечая годнасць”, - лічыць Папа.

Просячы ўдзельнікаў, “паказаць усяму свету, што, аб'яднаўшыся, мы патрабуем актыўнай прыхільнасці да абароны чалавечай годнасці на гэтым новым этапе выкарыстання машын”, Францішак звярнуў увагу на глыбокую сімвалічнасць хірасімскай сустрэчы – “на фоне цяперашніх канфліктаў, якія скалынаюць свет, усё часцей, на жаль, акрамя нянавісці да вайны, мы чуем аб гэтай тэхналогіі”.

Паводле пераканання Святога Айца, вельмі важна сёння нагадаць свету, што ў кантэксце ўзброеных канфліктаў неабходна тэрмінова перагледзець распрацоўку і выкарыстанне такіх прылад, як так званая смяротная аўтаномная зброя. Трэба забараніць іх выкарыстанне, пачынаючы “з актыўнага і канкрэтнага абавязацельства па ўвядзенні ўсё больш і больш значнага чалавечага кантролю” – “ніякая машына ніколі не павінна вырашаць, ці пазбаўляць жыцця чалавека”.

Францішак лічыць, што “ўключэнне культурнага багацця народаў і рэлігій у кіраванне штучным інтэлектам з'яўляецца стратэгічным ключом да поспеху”.

Папа выказаў спадзяванне на тое, што хірасімскі форум “прынясе плён братэрства і супрацоўніцтва”, а яго ўдзельнікі будуць заставацца энтузіястамі міру для ўсяго свету.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі некалькіх сусветных рэлігій падпісалі Рымскі заклік да этыкі штучнага інтэлекту (Roman Call for AI Ethics) – дакумент, ініцыяваны Святым Пасадам, па захаванні этычных прынцыпаў у выкарыстанні гэтай новай тэхналогіі.
 

10 ліпеня 2024, 09:57