Пантыфік да законнікаў і законніц: маліцца аб новых пакліканнях
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў генеральных капітулаў наступных манаскіх інстытутаў і ордэнаў: клірыкаў святога Віятара, рэгулярных клірыкаў меншых, мінімаў, сясцёр-аўгусцінак Божай Любові, сясцёр-гаіцельніц Найсвяцейшага Сэрца і місіянерак святога Антонія Марыі Кларэта.
У прамове Папа звярнуў увагу на два асноўных аспекты кансэкраванага жыцця: прыгажосць і прастату.
На яго думку, гісторыя гэтых ордэнаў – гэта гісторыя прыгажосці, якая выяўляецца ў малітве, міласэрнасці, асуджэнні несправядлівасці, дапамозе самым бедным і маргіналізаваным. Заснавальнікі і заснавальніцы ордэнаў, натхнёныя Святым Духам, змаглі распазнаць рысы гэтай прыгажосці і адказаць на патрэбы свайго часу дабрачыннасцю, мужнасцю, творчасцю і прароцтвам. Яны клапаціліся аб слабых, хворых, старых і дзецях, вучылі моладзь, прапаведавалі Евангелле. Цяпер надышла чарга іх паслядоўнікаў і паслядоўніц працягваць пачатую імі справу.
Кожны з заснавальнікаў абраў прастату – самае неабходнае, адмовіўшыся ад лішняга. “Таму што Божая любоў простая, яе прыгажосць простая, гэта не выдасканаленая прыгажосць, не”, - дадаў Францішак, заахвочваючы гасцей “быць простымі”, пазбягаючы разлікаў, амбіцый, зайздрасці і нягібкасць і любыя іншыя непрыемныя спакусы самарэферэнтнасці. Жыць у беднасці, каб напоўніцца прыгажосцю Хрыста і перадаць яе свету, “куды б Пан ні паслаў вас і якога б брату ці сястру ні паставіў на вашым шляху” - гэта вялікая місія, якую павінны выконваць законнікі і законніцы, на думку Папы.
Напрыканцы прамовы Пантыфік падзякаваў гасцям за іх працу на карысць Касцёла, заклікаючы маліцца аб пакліканнях і даваць добрую адукацыю сваім пераемнікам.