У Рыме адзначаецца 1500-годдзе абраза Маці Божай Romanae Portus Securitatis
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пасланне скіравана на імя айца Антоніа Пікала, генеральнага настаяцеля Ордэна рэгулярных клірыкаў Маці Божай, якому даручана апекавацца абразом. У ім Папа нагадаў, што 17 ліпеня 524 года перад святой Галай і Папам Янам I аб'явілася Багародзіца. З тых часоў порцік, дзе высакародная Гала вітала ў сваім доме бедных і пілігрымаў, быў прысвечаны Марыі і стаў месцам дабрачыннасці. Францішак заклікаў членаў ордэна працягваць клапаціцца пра бедных і апошніх па прыкладу святой Галы.
Святы Айцец нагадаў, што аб’яўленне Панны Марыі, якая працягнула сваю мантыю Яну I, адбылося ў асабліва цяжкі для Касцёла час. Ян I пакутаваў і памёр за мір, стаўшы закладнікам палітычных змоў і братазабойчых войнаў. У сённяшнім сцэнарыі нам таксама неабходна заклікаць да міру і станавіцца міратворцамі, нагадаў Папа, заахвочваючы леанардзінцаў бачыць у Марыі знак суцяшэння і надзеі.
У 2024 годзе Ордэн рэгулярных клірыкаў Маці Божай адзначае 450-годдзе з дня свайго заснавання. Адданы Божай Маці святы Джавані Леанардзі заснаваў яго для таго, каб спрыяць міру і міласэрнасці. Ён вучыў сваіх паслядоўнікаў змяшчаць Хрыста ў цэнтр кожнага іх дзеяння. Францішак заахвоціў законнікаў працягваць іх місіянерскую працу з Марыяй у якасці ўзору.
Напрыканцы паслання Папа выказаў надзею на тое, што Юбілейныя ўрачыстасці абновяць місіянерскі дух ордэна, даверыў яго заступніцтву Панны Марыі і святога Джавані Леанардзі, благаславіў і папрасіў маліцца аб ім.