Папа: хрысціяне пакліканы да ўдзелу ў грамадскіх пераўтварэннях
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваёй прамове Папа падзякаваў арганізатарам мерапрыемства і падкрэсліў важную ролю Сацыяльных тыдняў і іх уплыў на грамадства Італіі. “Гісторыя Тыдняў пераплятаецца з гісторыяй Італіі, і гэта шмат аб чым кажа, кажа пра адчувальны да грамадскіх пераўтварэнняў Касцёл, які імкнецца ўнесці свой уклад у агульнае дабро”, - сказаў Святы Айцец.
Вызначэнне дэмакратыі
Пантыфік працытаваў благаслаўлёнага Джузэпэ Таніёла, ініцыятара Сацыяльных тыдняў, які вызначаў дэмакратыю як грамадзянскі парадак, у якім усе сацыяльныя, прававыя і эканамічныя сілы супрацоўнічаюць дзеля агульнага дабра, надаючы асаблівую ўвагу ніжэйшым класам. У святле гэтага вызначэння Папа выказаў заклапочанасць у сувязі з станам здароўя дэмакратыі ў сучасным свеце.
Уклад католікаў
Францішак нагадаў пра вырашальны ўклад католікаў у дэмакратычны парадак Італіі пасля Другой сусветнай вайны. “Можна ганарыцца гэтай гісторыяй”, - зазначыў ён, дадаючы, што Сацыяльныя тыдні адыгралі ключавую ролю ў дэмакратызацыі краіны, спрыяючы сацыяльным пераўтварэнням.
Бачанне і сацыяльнае вучэнне Касцёла
Бачанне, заснаванае на сацыяльным вучэнні Касцёла, адносіцца не толькі да італьянскага кантэксту, але і да ўсяго чалавечага грамадства, да ўсіх народаў. Розныя краіны сутыкаюцца з крызісам дэмакратыі, таму і да адказнасці за сацыяльныя пераўтварэнні пакліканы ўсе хрысціяне, дзе б яны ні жылі і ні працавалі, лічыць Святы Айцец.
Вобраз параненага сэрца
Папа параўнаў крызіс дэмакратыі з параненым сэрцам, якое пакутуе ад карупцыі, беззаконня і сацыяльнай ізаляцыі. “Кожны раз, калі хтосьці маргіналізаваны, пакутуе ўсё цела грамадства”, - сказаў ён, нагадваючы пра “бедных, ненароджаных, уразлівых, хворых, дзяцей, жанчын, моладзь”. Калі ўлады становяцца самарэферэнтнымі, яны няздольныя слухаць і служыць людзям, папярэдзіў Святы Айцец, падкрэсліваючы неабходнасць стварэння ўмоў для ўдзелу кожнага.
Прынцыпы салідарнасці і субсідыярнасці
Дэмакратыя заўсёды патрабуе ўдзелу і дыялогу, умацавання сацыяльных сувязяў і прасоўвання інклюзіўнага і братэрскага грамадства. Усеагульнае братэрства немагчыма пакуль нашай сацыяльна-эканамічнай сістэмай будзе маргіналізаваны хоць адзін чалавек, папярэдзіў Францішак, дадаючы, што “кожны павінен адчуваць сябе часткай грамадскага праекта. Ніхто не павінен адчуваць сябе бескарысным”. Папа раскрытыкаваў некаторыя формы асістэнцыялізму, якія не прызнаюць годнасць людзей, назваўшы іх “сацыяльнай крывадушнасцю”, а таксама абыякавасць – “рак дэмакратыі”.
Творчасць і ўдзел
На думку Францішка, для вылячэння сэрца неабходны творчы падыход і ўдзел. “Калі мы паглядзім вакол, мы ўбачым шмат прыкмет дзеяння Святога Духа ў жыцці сем'яў і супольнасцяў”, шмат станоўчых прыкладаў у розных сектарах, такіх як эканоміка, тэхналогіі, палітыка, грамадства, сказаў Папа, прыводзячы ў прыклад праекты інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, мігрантаў, інтэгральнай экалогіі, аднаўляльных крыніц энергіі і іншыя. “Братэрства спрыяе росквіту сацыяльных адносін”, але і патрабуе мужнасці, каб думаць пра сябе як пра народ, а не проста “суму людзей”, зазначыў Францішак, заклікаючы захапіцца калектыўнай марай пра агульнае дабро і мець смеласць рабіць прапановы аб справядлівасці і міру ў публічных дэбатах.
Роля свецкіх вернікаў
Папа ўзгадаў Джорджа Ла Піра, які казаў пра неабходнасць навядзення "мастоў" паміж гарадамі, каб спрыяць адзінству і дыялогу. Італьянскія свецкія вернікі не павінны адчуваць недахопу ва ўменні "арганізоўваць надзею". “Чаму б не адрадзіць, не падтрымаць і не прымножыць намаганні па сацыяльнай і палітычнай фармацыі, пачынаючы з моладзі? Чаму б не падзяліцца багаццем сацыяльнага вучэння Касцёла? Мы можам прадугледзець месцы для дыскусій і дыялогу і спрыяць сінэргіі ў імя агульнага дабра”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы ўдзельнікаў форума быць “рамеснікамі дэмакратыі” і “актыўнымі пілігрымамі надзеі” на будучыню.