Папа міністрантам: еднасць з Богам дазваляе дзяліцца Яго любоўю

Святы Айцец перапыніў свой летні адпачынак дзеля сустрэчы з удзельнікамі ХIII Міжнароднай пілігрымкі міністрантаў. Яна прайшла ўвечары 30 ліпеня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Плошча святога Пятра – заўсёды прыгожая, але разам з вамі яна яшчэ прыгажэйшая!”, - сказаў Папа, вітаючы сваіх маладых гасцей. Францішак прапанаваў ім паразважаць на дэвізам пілігрымкі – З табой (Іс 41,10) – у канктэксце літургічнага служэння міністрантаў.

“Езус сказаў: “Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх (Мц 18,20). Гэта ў найвышэйшай ступені спаўняецца ў Імшы, у Эўхарыстыі: там “з табой” становіцца рэальнай і канкрэтнай прысутнасцю Бога і Целе і Крыві Хрыста. Святар кожны дзень бачыць як гэта таямніца спаўняецца ў яго руках; і вы таксама бачыце гэта, калі служыце пры алтары. І калі прымаем святую Камунію мы можам адчуць, што Езус “з намі” духоўна і фізічна. Ён кажа нам: “Я з табой”, але не словамі, а ў тым жэсце, тым чыне любові, якім ёсць Эўхарыстыя. Таксама і вы, прымаючы Камунію, можаце сказаць: “Я з Табой”, але не словамі, а ўсім сваім сэрцам і целам, сваёй любоўю. Менавіта дзякуючы таму, што Ён з намі, таксама і мы можам быць па-сапраўднаму з Ім”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак адзначыў, што еднасць з Хрыстом дазваляе дзяліцца Яго любоўю з іншымі людзьмі. “Так мы можам споўніць Яго запаведзь: “Любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас”. Калі вы, міністранты, як Марыя захоўваеце ў вашых сэрцах і целах таямніцу Бога, які ёсць разам з вамі, тады становіцеся здольнымі быць разам з іншымі па-новаму. Таксама і вы – дзякуючы Езусу, заўсёды і толькі дзякуючы Яму – можаце сказаць бліжняму “Я з табой” не словамі, але дзеяннямі, жэстамі, сэрцам, канкрэтнай блізкасцю: плакаць з тымі, хто плача, радавацца з тымі, хто радуецца, без асуджэння і прадузятасці, без закрытасці, без выключэнняў”, - сказаў Папа, дадаючы, што гэта тычыцца таксама адносін да людзей, якія не сімпатычныя нам, адрозніваюцца ад нас, якія з’яўляюцца чужынцамі, якія ніколі не ходзяць у касцёл і кажуць, што не вераць у Бога.

Святы Айцец падзякаваў міністрантам, якія здзейснілі пілігрымку ў Рым, каб раздзяліць радасць прыналежнасці да Езуса, быць слугамі Яго любові, слугамі Яго параненага сэрца, якое аздараўляе нашы раны, збаўляе нас ад смерці і дорыць нам вечнае жыццё.
 

30 ліпеня 2024, 18:54