Папа прызначыў дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Разам з паведамленнем аб намінацыі, Святы Пасад публікуе біяграфію новапрызначанага іерарха. Андрэй Зноска нарадзіўся 20 чэрвеня 1980 года ў Бярозаўцы (Гродзенская дыяцэзія, Навагрудскі дэканат). Святарскае пасвячэнне прыняў 28 мая 2005 года з інкардынацыяй у Гродзенскай дыяцэзіі. З 2005 па 2007 год служыў вікарыем у катэдральнай базіліцы святога Францішка Ксаверыя ў Гродне. З 2007 па 2012 год вывучаў права ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ, Мінск), атрымаў ступень юрыста-правазнаўцы. З 2012 года – пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе. з 2014 года – суддзя касцёльнага суда Гродзенскай дыяцэзіі.
У перыяд з 2015 па 2018 год вывучаў кананічнае права ва Універсітэце кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве, атрымаў ступень ліцэнзіята. З 2018 года з’яўляецца выкладчыкам кананічнага права ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і кансультантам па прававых пытаннях Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. У 2022 годзе атрымаў годнасць каноніка Гродзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра Каралевіча.