Папа Францішак і Дэніс Фрэнсіс Папа Францішак і Дэніс Фрэнсіс

Францішак сустрэўся з старшынёй Генеральнай Асамблеі ААН

Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі старшыню 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН Дэніса Фрэнсіса. Сустрэча насіла прыватны характар. Яна адбылася 29 ліпеня 2024 года ў ватыканскім Доме святой Марты.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Зала Друку Апостальскай Сталіцы не паведамляла пра дэталі аўдыенцыі. Пасля размовы з Пантыфікам Дэніс Фрэнсіс падзяліўся ў сацыяльнай сетцы X некалькімі фотаздымкамі і кароткім паведамленнем, прызнаўшыся, што меў вялікі гонар сустрэцца са Святым Айцом.

“Яго непахісная адданасць чалавецтву, мультылатэральнаму падыходу і клопату пра навакольнае асяроддзе па-сапраўднаму натхняюць. Як духоўны лідар, ён адстойвае інтарэсы чалавецтва і заклікае да глабальных рашэнняў нашых супольных праблем”, - напісаў ён.

“Па ўсім свеце мільёны вернікаў пакутуюць ад высокага ўзроўню пераследу і дыскрымінацыі за сваю веру. Права на рэлігійныя перакананні і веравызнанне не можа і не павінна быць асновай для якой-кольвечы формы нецярпімасці і дыскрымінацыі”, - дадаў палітык.

Дэніс Фрэнсіс – кадравы дыпламат, які з 2021 года з’яўляецца прадстаўніком Трынідада і Табага пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У чэрвені 2023 года ён быў абраны старшынёй 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, якая працягнецца да верасня 2024 года. Уступаючы на пасаду Фрэнсіс паабяцаў удзяляць прыярытэтную ўвагу спрыянню канструктыўнаму дыялогу. У якасці дэвіза свайго старшынства ў Генасамблеі ён выбраў “Мір, росквіт, прагрэс і ўстойлівае развіццё”.
 

31 ліпеня 2024, 11:24