Святы Айцец у Трыесце: усе мы можам жыць як браты

Не заставацца абыякавымі перад абліччам зла і несправядлівасці, заклікаў Францішак у гаміліі падчас святой Імшы, якая 7 ліпеня 2024 года прайшла на Плошча адзінства Італіі ў Трыесце.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Спасылаючыся на біблейскі ўрывак з Эзэхіэля, Папа нагадаў аб тым, што Бог заўсёды слаў свайму народу прарокаў, каб падтрымаць яго і адрадзіць надзею, нягледзячы на яго мяцежнасць і ўпартасць. Нават Езус, які вярнуўся на сваю Радзіму ў Назарэт, не быў прызнаны людзьмі, сярод якіх Ён вырас: “Свае Яго не прынялі” (Ян 1, 11).

Аднавяскоўцы не здолелі выйсці за межы Яго зямной гісторыі і сямейнага паходжання, не маглі зразумець, як сын звычайнага цесляра можа мець столькі мудрасці і нават здольнасць здзяйсняць цуды. Іх абурала чалавечнасць Езуса, яны былі не ў сілах прызнаць, што Бог можа праявіць сябе ва ўразлівай чалавечай плоці, стаць слабым, каб апусціўшыся, абмыць ногі вучняў. Гэты “скандал” (Мк 6,3), гэты "камень перапоны", стаў перашкодай для іх веры ў Езуса, сказаў Святы Айцец.

Моцны і магутны Бог, які стаіць на маім баку і задавальняе мае патрэбы, – прывабны, але слабы Бог, Які памірае на крыжы і просіць мяне перамагчы эгаізм, – нязручны. Тым не менш, сёння, калі мы сутыкаемся з многімі сацыяльнымі і палітычнымі праблемамі, нам патрэбен менавіта “скандал веры”, нам патрэбна вера ў Бога, які стаў чалавекам, “чалавечая вера, вера плоці”, якая ўваходзіць у гісторыю, ацаляе разбітыя сэрцы, становіцца закваскай надзеі і зародкам Новага Свету, - адзначыў Францішак.

Гэта вера, якая “абуджае сумленне ад здранцвення”, якая асуджае несправядлівасць і кідае выклік чалавечаму эгаізму. Папа заклікаў не забываць: Бог хаваецца ў цёмных кутках жыцця, у гарадах, дзе, здаецца, перамагае дэградацыя, у тварах людзей, якія пакутуюць. Бясконцасць Бога крыецца ў чалавечых пакутах, “у параненай плоці апошніх, забытых і пакінутых”.

Часам мы залішне скандалім з-за дробязяў, замест гэтага мы павінны спытаць сябе: Чаму мы не скандалім перад абліччам зла, якое лютуе, жыцця, якое зневажаецца, працоўных праблем, пакут мігрантаў? Чаму мы застаемся апатычнымі і абыякавымі да несправядлівасці? Чаму мы не прымаем блізка да сэрца становішча зняволеных, якое нават тут, у Трыесце, гучыць як крык бедства? Хрысціяне пакліканы быць прарокамі і сведкамі Валадарства Божага ва ўсіх сітуацыях, як гэта рабіў Езус, Які “застаўся верны сваёй місіі, не хаваўся за двухсэнсоўнасцю, не змірыўся з логікай палітычнай і рэлігійнай улады”, - нагадаў Пантыфік.

З Трыеста, які стаіць на “скрыжаванні народаў і культур”, Папа заклікаў сілкаваць мару аб новай цывілізацыі, заснаванай на міры і братэрстве, абураючыся несправядлівасцю і несучы ў свет прароцтва Евангелля. “Наперад! Працягвайце прыкладаць намаганні да распаўсюджвання Евангелля надзеі, асабліва ў адносінах да тых, хто прыбывае з Балканскага маршруту, і да ўсіх тых, хто целам або духам мае патрэбу ў падбадзёрванні і суцяшэнні. Давайце разам возьмем на сябе гэта абавязацельства, таму што, зноў адкрыўшы любоў Айца, усе мы можам жыць як браты”, - заклікаў Францішак.
 

07 ліпеня 2024, 10:44