Святы Айцец: прыслухоўвацца да радасцяў і пакут жанчын
Марыя Валодзіна - Vatican News
У кнізе разглядаюцца такія пытанні, як пасвячэнне жанчын у святарскі сан, сінадальнасць і злоўжыванні ў Касцёле.
Сярод аўтараў сястра-салезіянка Лінда Почар, выкладчыца хрысталогіі і марыялогіі Папскага факультэта адукацыйных навук Auxilium у Рыме, епіскап Англіканскай Царквы Джо Бэйлі Уэлс, і Джуліва дзі Берардзіна, кансэкраваная свецкая верніца з дыяцэзіі Вероны, літургістка, выкладчыца і кіраўніца курсаў духоўнасці і духоўных практыкаванняў, а таксама кардыналы Жан-Клод Олерыш, арцыбіскуп Люксембурга і Генеральны рэлятар Сінода Біскупаў і Шон Патрык О'Мэлі, старшыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.
Іх літаратурны дыялог адлюстроўвае рэальную дыскусію, якая мела месца 5 лютага 2024 года на пасяджэнні Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. Сесія была прысвечана ролі жанчын у Касцёле. На запрашэнне Папы ў ёй упершыню прынялі ўдзел жанчыны-тэолагі.
Кніга выйшла ў свет 9 ліпеня 2024 года і з'яўляецца працягам больш ранняй працы сястры Лінды Почар і іншых аўтараў пад загалоўкам Дэмаскулінізацыя Касцёла. Папа Францішак упершыню выкарыстаў гэты тэрмін на аўдыенцыі для Міжнароднай тэалагічнай камісіі.
У прадмове, апублікаванай L'Оsservatore Romano, Францішак разважае на тэму касцёльнага служэння, адштурхваючыся ад ключавога прынцыпу свайго пантыфікату: рэальнасць важнейшая за ідэі.
Ён падкрэслівае, што крызіс злоўжыванняў высвяціў неабходнасць супрацьстаяць клерыкалізму і злоўжыванням уладай, якія закранаюць не толькі святароў, але і свецкіх. "Прыслухоўваючыся да радасцяў і пакут жанчын” без асуджэння і прадузятасці, Касцёл зможа лепш распазнаць іх патэнцыял. “У многіх месцах і ў многіх сітуацыях яны пакутуюць менавіта з-за адсутнасці прызнання таго, хто яны ёсць і што яны робяць, а таксама таго, што яны маглі б рабіць і кім яны маглі б стаць, калі б толькі ў іх былі прастор і магчымасці. Жанчыны, якія пакутуюць больш за ўсіх, часта аказваюцца самымі блізкімі, найбольш падрыхтаванымі і гатовымі служыць Богу і Яго Валадарству”, - напісаў Францішак.
Пантыфік заклікаў засяродзіцца на рэальнасці, а не на ідэях, каб не трапіць у пастку, у якую часта трапляў Касцёл, калі ставіў абстрактныя ідэі вышэй за рэальнае жыццё людзей. “Рэальнасць заўсёды пераўзыходзіць ідэю”, - падкрэсліў ён, адзначаючы, што кніга "зыходзіць не з ідэі, а з разумення рэальнасці, з мудрага тлумачэння досведу жанчын у Касцёле".
Роля жанчын у Касцёле разглядаецца і ў рабочым дакуменце будучага Сінода, у якім утрымліваецца заклік да больш шырокага прызнання талентаў і пакліканняў жанчын, а таксама да змены менталітэту ў бок больш роўных адносін паміж мужчынамі і жанчынамі як братамі і сёстрамі ў Хрысце, аб'яднанымі місіяй Касцёла. І хоць пытанне аб жаночым дыяканаце не будзе абмяркоўвацца на наступнай сесіі Сінода, яно застаецца прадметам вывучэння адной з даследчых груп, створаных Папам для паглыблення тэалагічных і пастырскіх разважанняў на канкрэтныя тэмы.
Францішак даручыў Дыкастэрыі веравучэння ў супрацоўніцтве з Генеральным сакратарыятам Сінода прадоўжыць вывучэнне тэмы жаночага дыяканату ў адказ на заклік Сінадальнай Асамблеі да "больш шырокага прызнання і высокай ацэнкі ўкладу жанчын і пашырэння душпастырскіх абавязкаў, ускладзеных на іх ва ўсіх абласцях жыцця і місіі Касцёла".