Папа Францішак Папа Францішак  (AFP or licensors)

У канцы тыдня Францішак паедзе ў Трыест

У бліжэйшую нядзелю, 7 ліпеня 2024 года, Папа здзейсніць сваё трэцяе ў гэтым годзе пастырскае падарожжа па Італіі. Пасля Венецыі – 28 красавіка і Вероны – 18 мая, на гэты раз ён наведае партовы мегаполіс Трыест на паўночным усходзе краіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Афіцыйнай прычынай візіту з’яўляецца шматдзённая сустрэча каталіцкіх аб’яднанняў, якія дзейнічаюць у сацыяльнай сферы. Пасля канчатковай няўдачы італьянскай хрысціянскай дэмакратыі яны шукаюць новыя шляхі ўключэння ў грамадска-палітычнае жыццё краіны. Гэта ўскладняецца агульнай палітычнай сітуацыяй у Італіі, якая ўсё больш і больш рухаецца да франтальнай права-левай канфрантацыі без адпаведнага палітычнага цэнтра.

50-ы Каталіцкі сацыяльны тыдзень у Італіі пачнецца 3 ліпеня 2024 года з прамовы прэзідэнта Серджа Матарэлы, а праз чатыры дні Папа завершыць яго ў Кангрэс-цэнтры ў Трыесце. Чакаецца, што Францішак будзе казаць аб сацыяльнай ролі католікаў у сучаснай Італіі. Важнасць гэтай падзеі для краіны падкрэслівае прысутнасць старшыні мясцовага епіскапату, кардынала Матэа Дзупі.

Пасля прамовы падчас Сацыяльнага тыдня Святы Айцец сустрэнецца з мігрантамі, многія з якіх жывуць у Трыесце часам у нечалавечых умовах. Палажэнне горада на паўночна-заходнім канцы Балканскага шляху зрабіла яго цэнтральным для іх пунктам. Сотні людзей, у тым ліку многія з Паўднёва-Усходняй Азіі, гадамі жывуць сярод смецця ў разбураных партовых складах.

Акрамя мігрантаў, Папа сустрэнецца ў Трыесце з інвалідамі, прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх Цэркваў і групай навукоўцаў. На заканчэнне свайго візіту Францішак будзе цэлебраваць вялікую святую Імшу. Яна пройдзе на цэнтральнай плошчы Трыеста – Piazza Unita d'Italia (Плошча адзінства Італіі). Арганізатары чакаюць, што ў ёй возьмуць удзел каля 10 тысяч чалавек.
 

02 ліпеня 2024, 09:49