Пошук

Відэапасланне Папы: усе мы – мігранты на гэтай зямлі

Бог ідзе са сваім народам – тэма, абраная Францішкам для наступнага Сусветнага дня мігранта і бежанца, які будзе адзначацца 29 верасня 2024 года. У сваім новым відэапасланні Папа нагадвае, што ўсе мы – мігранты на гэтай зямлі, усе мы ідзем па шляху да сапраўднай радзімы, Валадарства Божага.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Айцец заклікаў усіх “ісці разам з найбольш уразлівымі, з Езусам, каб нагадаць сабе, што ўсе мы – дзеці аднаго Айца, і разам з Ім імкнемся пабудаваць больш братэрскі свет”.

Далей у відэароліку айцец Фабіа Баджа, намеснік сакратара Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, заахвочвае вернікаў ісці па шляху разам з супольнасцямі, парафіямі, дыяцэзіямі, запрашаючы ў сумеснае падарожжа ўсіх жыхароў "экзістэнцыяльных перыферый" свету, пра якія нам шмат разоў нагадваў Папа Францішак.

У рамках падрыхтоўкі да Сусветнага дня мігранта і бежанца Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека распачала інфармацыйна-камунікацыйную кампанію, у якой заклікае ўсіх людзей добрай волі арганізоўваць ініцыятывы па дапамозе мігрантам, бежанцам і ўсім уразлівым людзям. Гэта могуць быць моманты разважанняў, медытатыўныя прагулкі, малітоўныя чуванні і інш. З гэтай мэтай дыкастэрыя распрацавала шэраг дапаможных матэрыялаў на англійскай, іспанскай, італьянскай, нямецкай, партугальскай і французскай мовах.

17 ліпеня 2024, 10:14