Пошук

Папа падчас інтэрв'ю Кітайскай правінцыі Таварыства Езуса Папа падчас інтэрв'ю Кітайскай правінцыі Таварыства Езуса  (Society of Jesus, Chinese Province)

Святы Айцец: кітайскі народ – настаўнік надзеі

Папа даў інтэрв’ю кіраўніку прэс-службы Кітайскай правінцыі Таварыства Езуса, ксяндзу Пэдра Кіа. Ён падзяліўся жаданнем наведаць Кітай, пераказаў прывітанне народу гэтай краіны і адказаў на некаторыя пытанні аб сваім штодзённым жыцці.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Размова адбылася 24 мая 2024 года, ва ўспамін Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, якая асаблівым чынам ушаноўваецца ў санктуарыі ў Шэшан у Шанхаі. Святы Айцец прызнаўся, што хацеў бы наведаць гэта месца. Ён адзначыў, што ў Кітаі хацеў бы сустрэцца з мясцовымі біскупамі і Божым народам, вернасць якога адзначыў асаблівым чынам. “Гэта верны народ. Ён шмат перажыў і застаўся верным”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што хацеў бы заклікаць маладых кітайскіх католікаў да надзеі, але заўважыў, што было б “таўталогіяй даваць пасланне надзеі народу, які з’яўляецца настаўнікам надзеі” і “цярплівасці ў чаканні”.

Адказваючы на пытанне пра крытыку, з якой даводзіцца сустракацца, Папа адказаў, што “крытыка заўсёды дапамагае, нават калі не з’яўляецца канструктыўнай”: яна “заўсёды карысная і прымушае задумвацца над тым, як паступіць”. Францішак адзначыў, што заўсёды намагаецца слухаць парады перад прыняццем рашэнняў, а таксама падкрэсліў важнасць здольнасці дэлегіраваць пэўныя функцыі, бо “калі нехта хоча сам зрабіць усё, не атрымаецца нічога”.

Сярод галоўных выклікаў на працягу дзесяці гадоў пантыфікату Пантыфік асаблівым чынам вылучыў пандэмію і “цяперашні выклік” вайны ва Украіне, М’янме і на Блізкім Усходзе. Ён нагадаў, што намагаецца вырашаць праблемы з дапамогай дыялогу, а калі гэта не атрымліваецца, з дапамогай цярплівасці і нават пачуцця гумару, па прыкладзе святога Томаса Мора, да якога звяртаецца з асаблівай малітвай.
 

09 жніўня 2024, 14:35