Папа: патрэбна евангелізацыя культуры і інкультурацыя Евангелля
Аляксандр Панчанка - Vatican News
30 жніўня 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пазачарговай пленарнай сесіі Секцыі па справах першай евангелізацыі і новых мясцовых Касцёлаў Дыкастэрыі па евангелізацыі. Нарада была прысвечана рэформе Папскага ўніверсітэта Урбаніяна – навучальнай установы, якая галоўным чынам рыхтуе святароў з краін Азіі і Афрыкі да далейшага служэння ў іх мясцовых Касцёлах.
Францішак пажадаў, каб працэс абнаўлення ўніверсітэта і яго навучальных праграм дапамог лепшаму ажыццяўленню яго місіі распаўсюджвання Евангелля. Ён заклікаў захоўваць старажытныя каштоўнасці ўстановы, але таксама зрабіць яе здольнай адказваць на актуальныя патрэбы Касцёла і свету.
Святы Айцец адзначыў, што ўніверсітэт павінен не толькі перадаваць веды, але таксама распрацоўваць “інтэлектуальныя інструменты”, карысныя для абвяшчэння Евангелля ў сучасным грамадстве, пазначаным этыка-рэлігійным плюралізмам. “Мы не жывём у хрысціянскім грамадстве, але мы пакліканы жыць як хрысціяне ў сучасным плюралістычным грамадстве і быць адкрытымі”, - сказаў ён.
Папа заклікаў таксама спалучаць павышэнне якасці адукацыі і даследаванняў з рацыянальным кіраваннем рэсурсамі. Ён адзначыў патрэбу ў доўгатэрміновым бачанні, якое будзе ўлічваць касцельную сітуацыю, устойлівасць структур, мясцовыя патрэбы і сітуацыю з пакліканнямі.
Пантыфік заклікаў да крэатыўнага і мужнага пошуку рашэнняў, каб абнаўленне ўніверсітэта не стала фармальным. “Рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў”, на яго думку, азначае аб’яднанне падобных праграм, задзейнічанне выкладчыкаў усіх структур універсітэта, пазбяганне непатрэбных выдаткаў, разумнае планаванне дзейнасці, адмову ад састарэлых практык і праектаў.
“У выпадку Урбаніяны важна, каб яе місійная і міжкультурная спецыфіка праяўлялася яшчэ больш у адукацыйных праграмах, якія прапануюцца, каб тыя, хто праходзіць навучанне, былі здольныя арыгінальным чынам перадаваць хрысціянскую навіну ў адносінах з іншымі культурамі і рэлігіямі. Як патрэбны нам пастыры, як патрэбны нам кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, здольныя ажыццявіць місійнае імкненне да евангелізацыі культур і такім чынам інкультурацыі Евангелля! Гэтыя дзве рэчы заўсёды ідуць разам: евангелізацыі культуры і інкультурацыя Евангелля”, - сказаў Папа.
Францішак заклікаў стварыць больш даследчых цэнтраў для розных геаграфічных і культурных рэгіёнаў і ўмацаваць тыя, якія ўжо існуюць, а таксама развіваць супрацоўніцтва з семінарыямі і тэалагічнымі інстытутамі на місійных тэрыторыях.