Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: нанова адкрыць значэнне эўхарыстычнай адарацыі

Прысвячаць сябе іншым, наследуючы Езуса ў Эўхарыстыі, заклікаў Папа ўдзельнікаў нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу, які 23-25 жніўня 2024 года праходзіць у горадзе Анцырабэ на Мадагаскары.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Я падтрымліваю гэту ініцыятыву, мэта якой – вярнуць сыноў і дачок вашых хрысціянскіх супольнасцей да асноў, дапамагчы ім нанова адкрыць значэнне эўхарыстычнай адарацыі і жаданне праводзіць час з Хрыстом. Гэта працэс, які дапаможа кожнаму з вас усё больш і больш станавіцца хрысціянамі, да чаго вы былі пакліканы”, - напісаў у сваім прывітальным пасланні Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што сёлета завяршаецца Сінод Біскупаў аб сінадальнасці, у сувязі з чым ён заклікаў нанова адкрыць для сябе важнасць сустрэчы, малітвы і прысвячэння сябе іншым, наследуючы Езуса ў Эўхарыстыі.

“Калі вы сустракаеце Хрыста на адарацыі, калі дакранаецеся да Яго і прымаеце падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі, вы больш не можаце трымаць Яго для сябе, але становіцеся місіянерамі Яго любові для іншых”, - дадаў Папа.

Францішак пажадаў, каб эўхарыстычны кангрэс дапамог мадагаскарскім католікам умацоўваць пачуцці любові і салідарнасці да ўсіх людзей, асабліва да тых, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі, для якіх жыццёвы шлях кожны дзень становіцца яшчэ больш складаным. Ёсць шмат “прыгнечаных людзей, якія глядзяць у будучыню са скептыцызмам і песімізмам, як быццам нішто не можа прынесці ім шчасця”, - заўважыў Пантыфік, заклікаючы адрасатаў свайго паслання несці гэтым людзям надзею Пана і быць сведкамі Яго спагады і міласэрнай любові.
 

24 жніўня 2024, 09:49