Пошук

Францішак: пачуць крык Зямлі і ахвяр экалагічных катастроф

Маліцца за Зямлю, якая пакутуе, заклікаў Францішак на працягу верасня. 30 жніўня 2024 года Папская сусветная сетка малітвы апублікавала відэаролік, у якім Святы Айцец патлумачыў сваю інтэнцыю на бліжэйшы месяц.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Калі памераем тэмпературу планеты, убачым, што ў Зямлі гарачка. Яна адчувае сябе дрэнна, як кожны хворы чалавек. Але ці прыслухоўваемся мы да гэтага болю? Ці чуем мы боль мільёнаў ахвяр экалагічных катастроф?”, - спытаў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што “ад наступстваў гэтых бедстваў больш за ўсё пакутуюць бедныя, тыя, хто вымушаны пакідаць свае дамы з прычыны паводак, спякоты ці засухі”, а “барацьба з экалагічнымі крызісамі, выкліканымі чалавекам, такімі як кліматычны крызіс, забруджванне навакольнага асяроддзя ці страта біяразнастайнасці, патрабуе не толькі экалагічных, але і сацыяльных, эканамічных і палітычных мер”.

“Мы павінны ўзяць на сябе абавязацельствы па барацьбе з беднасцю і абароне прыроды, змяніўшы свае асабістыя звычкі і звычкі нашага грамадства”, - сцвердзіў Папа.

“Давайце памолімся аб тым, каб кожны з нас сэрцам прыслухаўся да крыку Зямлі і плачу ахвяр экалагічных катастроф і кліматычнага крызісу, узяўшы на сябе асабістае абавязацельства клапаціцца аб свеце, які мы засяляем”, - агучыў малітоўную інтэнцыю Святы Айцец.
 

30 жніўня 2024, 16:00