Францішак: спыніць агонь у Газе і на ўсіх франтах
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа нагадаў пра беатыфікацыю епіскапа Істыфана Дувэйхі, якая прайшла ў ліванскім горадзе Бкерке ў пятніцу, 2 жніўня 2024 года. Ён “мудра кіраваў Мараніцкай Царквой з 1670 па 1704 год, у цяжкую эпоху, пазначаную ганеннямі. Настаўнік веры і пастыр, ён заўсёды сведчыў надзею, быў побач з людзьмі”, - зазначыў Францішак, звяртаючыся ў думках да ліванскага народа. “У прыватнасці, я думаю пра сем'і ахвяр выбуху ў порце Бейрута. Спадзяюся, што справядлівасць і праўда будуць дасягнуты ў бліжэйшы час”, - сказаў Пантыфік.
“Я з вялікім непакоем сачу за тым, што адбываецца на Блізкім Усходзе, і спадзяюся, што канфлікт, і без таго жудасна крывавы і жорсткі, не зацягнецца. Я малюся за ўсіх ахвяр, асабліва за нявінных дзяцей, і выказваю блізкасць да друзскай супольнасці Святой Зямлі, а таксама да насельніцтва Палесціны, Ізраіля і Лівана. І давайце не будзем забываць пра М'янму”, - нагадаў Папа, заклікаючы аднавіць дыялог, неадкладна спыніць агонь у Газе і на ўсіх франтах, вызваліць закладнікаў і аказаць гуманітарную дапамогу насельніцтву.
“Атакі, нават мэтанакіраваныя, і забойствы ніколі не могуць быць рашэннем. Яны не дапамагаюць ісці па шляху справядлівасці, шляху міру, але спараджаюць яшчэ больш нянавісці і помсты. Хопіць, браты і сёстры! Хопіць! Не душыце Слова Бога супакою, хай яно стане будучыняй Святой Зямлі, Блізкага Ўсходу і ўсяго свету! Вайна – гэта параза!” - сцвердзіў Пантыфік.
Францішак выказаў заклапочанасць у сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў Венесуэле. “Я горача заклікаю ўсе бакі шукаць ісціну, праяўляць стрыманасць, пазбягаць усякага насілля, вырашаць спрэчкі дыялогам, клапаціцца пра сапраўднае дабро народа, а не пра партыйныя інтарэсы”, - сказаў Папа, давяраючы краіну заступніцтву Маці Божай Карамоцкай і малітве благаслаўлёнага Хасэ Грэгорыа Эрнандэса.
Папа выказаў блізкасць да насельніцтва Індыі, асабліва Кералы, моцна пацярпелай ад праліўных дажджоў і апоўзняў, у выніку якіх загінулі людзі і быў нанесены значны ўрон. Ён заклікаў вернікаў “далучыцца да яго малітвы за памерлых, і за ўсіх людзей, якія перажылі гэта разбуральнае бедства”.