Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Пантыфік: добрая кніга адкрывае розум і рыхтуе да жыцця

Добрая кніга адкрывае розум, стымулюе сэрца, рыхтуе да жыцця, - напісаў Папа ў Лісце пра ролю літаратуры ў выхаванні, які ў час летняга адпачынку адрасаваў кандыдатам да святарства, душпастырам і ўсім хрысціянам.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дакумент, падпісаны 17 ліпеня 2024 года, быў абнародаваны 4 жніўня, ва ўспамін святога Яна Марыі Віянэя, апекуна пробашчаў. Мэта ліста – дапамагчы будучым святарам, а таксама “ўсім пастырам” і “кожнаму хрысціяніну” зразумець “каштоўнасць чытання раманаў і паэзіі на шляху асабістага сталення”. Святы Айцец хоча “абудзіць любоў да чытання”, а таксама “прапанаваць радыкальную змену рытму” ў падрыхтоўцы кандыдатаў да святарства, каб больш часу прысвячаць чытанню літаратурных твораў.

Паколькі літаратура можа “выхоўваць сэрца і розум пастыра” да “свабоднага і пакорнага выразу сваёй рацыянальнасці” і да “плённага прызнання плюралізму чалавечых форм выяўлення”, яна можа “паглыбляць людскую адчувальнасць і весці да большай духоўнай адкрытасці”. Папа нагадаў, што задача вернікаў, а ў прыватнасці святароў, заключаецца ў тым, каб “дакрануцца” да сэрца сучаснага чалавека, “каб ён узрушыўся і адкрыўся на абвяшчэнне Пана Езуса”. У гэтым “уклад, які можа зрабіць літаратура і паэзія, з’яўляецца непараўнальна каштоўным”.

Чытанне адкрывае новыя ўнутраныя прасторы

У лісце Францішак у першую чаргу адзначыў дабратворны ўплыў добрай кнігі, якая ў “нудзе адпачынку, спякоце і самотнасці пустынных кварталаў” можа стаць “аазісам, што аддаляе нас ад іншых рашэнняў, што не прыносяць нам карысці”. “У хвіліны стомленасці, гневу, расчаравання, няўдач і калі нават у малітве не атрымліваецца знайсці душэўны спакой”, яна можа дапамагчы нам перажыць цяжкія моманты, бо “чытанне адкрывае новыя ўнутраныя прасторы”, якія дапамагаюць нам не замыкацца ў “тых некалькіх навязлівых ідэях”, што затым “непазбежна заганяюць нас у пастку”.

Пантыфік адзначыў, што да ўзнікнення “ўсюдыіснасці СМІ, сацыяльных сетак, смартфонаў і іншых прыстасаванняў” людзі чыталі літаратуру часцей. Ён заўважыў, што ў аўдыёвізуальным прадукце звычайна скарачаецца прастора для “ўзбагачэння” аповеду і яго інтэрпрэтацыі, у той час як, чытаючы кнігу, чалавек “нашмат актыўней”. Літаратурны твор – гэта жывы і заўсёды плённы тэкст”. Здараецца, што “чытач узбагачаецца тым, што атрымлівае ад аўтара”, а гэта дазваляе яму “раскрыць багацце ўласнай асобы”.

Месца літаратуры ў фармацыі святароў

І хоць станоўчым з’яўляецца тое, што ў некаторых семінарыях спрабуюць “супрацьстаяць апантанасці экранамі – і атрутнымі, павярхоўнымі і гвалтоўнымі фэйкавымі навінамі – і прысвячаць час літаратуры”, Францішак заўважыў, што звычайна “на шляху падрыхтоўкі да пасвячанага служэння” няма дастаткова месца для чытання літаратуры: яна “не з’яўляецца складовай часткай шляху падрыхтоўкі, а такім чынам, і канкрэтнага пастырскага досведу будучых святароў".

“Такі падыход не з’яўляецца добрым”, - напісаў Папа, тлумачачы, што ён прыводзіць да “сур’ёзнага інтэлектуальнага і духоўнага абяднення будучых святароў”, якія, такім чынам, пазбаўляюцца “прывілеяванага доступу праз літаратуру да сэрца чалавечай культуры, а канкрэтней – да сэрца чалавека”, бо літаратура датычыць таго, “чаго кожны з нас жадае ад жыцця”. На думку Францішка, “пастаянна чытанне літаратуры можа зрабіць будучых святароў і ўсіх душпастыраў яшчэ больш адчувальнымі да поўнай чалавечнасці” Хрыста, у якой “цалкам праяўляецца Яго боскасць”.

Добрыя плёны чытання

Францішак нагадаў таксама пра станоўчыя плёны, якія, па меркаванні навукоўцаў, дае “звычка чытаць”: яна дапамагае пашырыць слоўнікавы запас, развіць розныя аспекты інтэлекту, стымулюе ўяўленне і крэатыўнасць, дазваляе навучыцца лепш выражаць свае думкі, паляпшае здольнасць да канцэнтрацыі, зніжае ўзровень пагаршэння кагнітыўных здольнасцей, здымае стрэс і трывогу. Чытанне “рыхтуе нас да разумення і, як наступства, да пераадолення розных сітуацый, якія могуць узнікнуць у жыцці”, бо, чытаючы, “мы занураемся ў персанажаў, перажыванні, драмы, небяспекі, страхі людзей, якія ў рэшце рэшт перамаглі жыццёвыя выклікі”. Літаратура служыць для таго, “каб больш плённа перажываць жыццёвы досвед”, а таксама дапамагае запаволіцца, сузіраць і слухаць.
 

05 жніўня 2024, 10:24