Пошук

Джэф Безас Джэф Безас 

Пантыфік сустрэўся з заснавальнікам Amazon

Чатыры дні таму ў Доме святой Марты ў Ватыкане адбылася прыватная сустрэча Папы з Джэфам Безасам, заснавальнікам кампаніі Amazon. Пра гэта паведаміла ў сацыяльных сетках нявеста Безаса Ларэн Санчэс, якая таксама прысутнічала на сустрэчы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Візіт аднаго з найбагацейшых людзей свету, чый капітал ацэньваецца ў больш чым 200 мільярдаў долараў ЗША, не быў уключаны ў афіцыйны расклад папскіх аўдыенцый. Паводле слоў Санчэс, адной з галоўных тэм размовы з Францішкам былі дзеянні па барацьбе са зменамі клімату, звязаныя з заснаваным Безасам у 2020 годзе Фондам Зямлі (Bezos Earth Fund), які распараджаецца 10 мільярдамі долараў. Санчэс з'яўляецца яго віцэ-прэзідэнтам.

У размове таксама закраналіся асабістыя і філасофскія тэмы. Санчэс адзначыла, што было падкрэслена значэнне захавання пачуцця гумару і неабходнасць не ўспрымаць жыццё занадта сур'ёзна. Яна таксама выказала задавальненне нядаўнім заклікам Папы да семінарыстаў чытаць паэзію і мастацкую літаратуру для ўзбагачэння чалавечага духу.

Агенцтва Zenit, звязанае з Святым Пасадам, лічыць, што "сустрэча паміж кіраўніком Каталіцкага Касцёла і адной з самых уплывовых асоб у сусветным бізнесе паказвае на супадзенне інтарэсаў, якое выходзіць за межы іх звычайных сфер – злучаючы веру, філантропію і агульную зацікаўленасць у вырашэнні найбольш актуальных праблем свету".
 

20 жніўня 2024, 10:31