Пошук

Папа да афганскай дыяспары: дыялог – адзіны магчымы шлях да міру

Будаваць грамадства, у якім кожны будзе мець роўныя правы і жыць па сваіх звычаях без дыскрымінацыі, заахвоціў Францішак прадстаўнікоў Асацыяцыі афганскай супольнасці ў Італіі, якіх 7 жніўня 2024 года прыняў на аўдыенцыі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“У апошнія дзесяцігоддзі гісторыя Афганістана была складанай і трагічнай, пазначанай чарадой войнаў і крывавых канфліктаў, з-за якіх насельніцтву было цяжка весці мірнае, свабоднае і бяспечнае існаванне. Нестабільнасць, ваенныя аперацыі з іх цяжарам разбурэнняў і смерці, унутраныя рознагалоссі і перашкоды ў прызнанні некаторых асноўных правоў заахвоцілі многіх пайсці па шляху выгнання”, - сказаў Папа, дадаючы, што сустракаўся з некаторымі сем’ямі афганскіх уцекачоў.

Святы Айцец адзначыў яшчэ адну важную асаблівасць афганскага грамадства: як і пакістанскае, яно “складаецца з шматлікіх народаў, кожны з якіх ганарыцца сваёй культурай, традыцыямі, сваім асаблівым ладам жыцця”. Гэтая значная этнічная дыферэнцыяцыя, замест таго, каб весці да пошуку найменшага агульнага назоўніка для абароны адметнасцяў і правоў кожнага, часам з'яўляецца прычынай дыскрымінацыі і пераследу, - адзначыў Францішак, дадаючы, што асабліва востра гэта адчуваецца ў памежных з Пакістанам раёнах, дзе замест законаў часта пераважае моц.

Па сваёй прыродзе рэлігія павінна спрыяць падаўленню кантрастаў і прызнанню правоў кожнага, аднак часам яна падвяргаецца маніпуляцыям і інструменталізацыі, становячыся фактарам канфрантацыі і нянавісці, што можа прывесці да гвалту, - папярэдзіў Папа.

Святы Айцец заклікаў гасцей “спрыяць рэлігійнай гармоніі і дзейнічаць дзеля пераадолення непаразуменняў паміж рознымі рэлігіямі, каб пабудаваць шлях даверлівага дыялогу і міру”. “Гэта нялёгкі шлях, які часам церпіць няўдачы, але гэта адзіны магчымы шлях, які варта працягваць з упартасцю і сталасцю, калі вы сапраўды жадаеце рабіць дабро грамадству і спрыяць міру”, - сказаў Францішак, узгадваючы свой візіт у Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, падчас якога ён маліўся ў мячэці і разам з ісламскім лідарам “наведаў усе супольнасці, як ісламскія, так і пратэстанцкія, і каталіцкія”. “Гэта аб'ядноўвае, гэта вельмі аб'ядноўвае”, - заўважыў ён.

Папа нагадаў пра дакумент аб агульначалавечым братэрстве, які ён разам з вялікім імамам Аль-Азхара падпісаў у Абу-Дабі 4 лютага 2019 года. У ім гаворыцца аб тым, што рэлігіі ніколі не распальваюць вайну, не выклікаюць пачуцця нянавісці, варожасці, экстрэмізму, не заклікаюць да гвалту або кровапраліцця. Гэта ўсё з’яўляецца вынікам скажэння рэлігійнага вучэння і палітычнага выкарыстання рэлігіі. Бог стварыў людзей, каб яны жылі як браты, Яго імя не павінна выкарыстоўвацца для распальвання нянавісці і апраўдання забойстваў, - нагадаў Францішак.

На думку Папы, сказанае пра рэлігіі адносіцца і да этнічна-лінгвістычна-культурных адрозненняў. Вырашаць гэтыя праблемы неабходна з дапамогай культуры дыялогу, супрацоўніцтва і ўзаемнага пазнання. Пантыфік пажадаў прадстаўнікам афганскай дыяспары, каб гэтыя крытэрыі сталі агульным здабыткам. “Калі гэта адбудзецца, дыскрымінацыя этнічных пуштунаў у Пакістане, на якую звяртае ўвагу ваша асацыяцыя, скончыцца, і пачнецца новая эпоха, у якой моц права, спачуванне (гэта ключавое слова – спачуванне) і супрацоўніцтва ва ўзаемнай павазе прывядуць да больш справядлівай і гуманнай цывілізацыі”, - сказаў Папа. Ён прывёў у якасці прыклада некаторыя краіны Афрыкі, дзе на свята Божага Нараджэння прадстаўнікі іслама віншуюць хрысціян і “прыносяць ім ягнят і іншыя падарункі, а на свята ахвярапрынашэння хрысціяне ідуць да мусульман і нясуць ім святочныя дары”. “Гэта сапраўднае братэрства, гэта выдатна. Імкніцеся да гэтага”, - заахвоціў Папа афганцаў.

“Няхай усемагутны і міласэрны Бог дапаможа кіраўнікам дзяржаў і народам пабудаваць грамадства, у якім кожны чалавек будзе мець поўнае грамадзянства і роўныя правы, дзе кожны зможа жыць у адпаведнасці са сваімі звычаямі і культурай, без асуджэння або дыскрымінацыі”, - пажадаў напрыканцы прамовы Францішак.

07 жніўня 2024, 11:02