Моладзевы фестываль у Меджугор'і Моладзевы фестываль у Меджугор'і  (Radio Medjugorje Mir)

Папа да моладзі ў Меджугор'і: будзьце сапраўднымі вучнямі Хрыста

Францішак накіраваў пасланне да ўдзельнікаў 35-га моладзевага фестывалю Mladifest, які праходзіць у Меджугор'і 1-6 жніўня 2024 года. Ён заклікаў моладзь пераймаць Марыі, сапраўднай вучаніцы Хрыста, слухаючы Слова Божае і добрасумленна выконваючы сваю місію.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сваім пасланні Папа паразважаў на тэму фестывалю: "Марыя ж выбрала добрую частку" (Лк 10,42). Ён адзначыў, што сапраўдныя вучні Езуса прымаюць Слова Божае ў сваё сэрца, як гэта зрабіла Марыя, сястра Марты, сеўшы ля ног Езуса, каб слухаць Яго. Такім чынам, яна выбрала лепшую частку, якая "не адымецца ў яе".

Быць сапраўднымі вучнямі

Сапраўднай вучаніцай Хрыста з'яўляецца і Найсвяцейшая Панна Марыя. Яна пачула Слова Божае і цалкам аддала сябе Богу. “Яна моўчкі стаяла ля падножжа крыжа, калі Езус, Сын Божы і яе сын, адкупіў свет, яна рушыла ўслед за апосталамі ў дзень Пяцідзесятніцы, калі нарадзіўся Касцёл. Дазволіўшы Слову Божаму ўвайсці ў яе сэрца, Панна Марыя добрасумленна і старанна выканала сваю місію. Яна таксама абрала добрую частку: Езуса", - зазначыў Пантыфік.

“Заставайцеся ў прысутнасці Настаўніка, каб разважаць над Словам Божым, дазваляючы Яму праліць святло на ваш розум і сэрца, каб адкрыць для сябе задуму, якую Айцец мае для кожнага з вас і супрацоўнічаць у яе ажыццяўленні”, - заахвоціў маладых людзей Святы Айцец. "Вось чаму я заклікаю вас наладзіць цесныя адносіны з Евангеллем і трымаць яго пры сабе, каб яно служыла вам компасам, які паказвае шлях, па якім варта ісці”, - напісаў Францішак.

Абвяшчаць Хрыста ў штодзённым жыцці

На думку Папы, "сапраўдны вучань, становячыся мудрым і моцным у Духу, абавязкова перадае Валадарства Божае іншым, таму што абвяшчэнне Яго Слова з'яўляецца абавязкам не толькі святароў і законнікаў, але і юнакоў і дзяўчат". Ён заклікаў кожнага прысутнага набрацца смеласці гаварыць пра Хрыста ў сваіх сем'ях, на вучобе, на працы і ў вольны час.

"Абвяшчайце Яго, перш за ўсё, сваім жыццём, выяўляючы бачную прысутнасць Хрыста ў сваім існаванні, у сваёй штодзённай дзейнасці і ў згодзе з Евангеллем ва ўсіх сваіх канкрэтных рашэннях. Пан жадае, каб вы былі бясстрашнымі апосталамі добрай навіны і будаўнікамі новага чалавецтва", - заахвоціў моладзь Святы Айцец.

“Даручаю кожнага з вас Марыі, Маці Касцёла, каб яна заступалася за вас, каб вы мелі сілу і мудрасць гаварыць з Богам і пра Бога", - пажадаў напрыканцы паслання Францішак.

03 жніўня 2024, 06:29