Папа падзякаваў цыркачам за ўсмешкі на тварах людзей
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа перапыніў свой летні адпачынак, каб наведаць манахіню, якая вядзе душпастырскую працу ў парку атракцыёнаў, размешчаным на беразе Тырэнскага мора непадалёк ад Рыма.
Як паведаміла Зала Друку Святога Пасада, 31 ліпеня 2024 года “Францішак здзейсніў візіт у Осцію, куды прыбыў у 15 гадзін, каб наведаць сястру Жэнеўеў Жанінгро з кангрэгацыі Малых Сясцёр Езуса, а таксама супольнасць цыркачоў і работнікаў атракцыёнаў і каруселяў у Луна-парку Осціі. Святы Айцец благаславіў статую Маці Божай, заступніцы вандруючых спектакляў і цырка, а таксама прывітаў прысутныя сем'і і дзяцей”.
Французская манахіня прывітала Святога Айца, падзякаваўшы за вялікую радасць, якую даставіў яго візіт. Сястра Жэнеўеў не раз сустракалася з Папам, у тым ліку і напрыканцы агульных аўдыенцый, якія праходзяць па серадах у Ватыкане. Яна суправаджала на аўдыенцыі групы вернікаў, якім дапамагала на працягу многіх гадоў. Манахіня ўжо больш за 56 гадоў належыць да супольнасці Малых Сясцёр Езуса, якія чэрпаюць натхненне ў служэнні святога Шарля дэ Фуко.
Разам з мясцовым парафіяльным святаром, ксяндзом Джавані Вінчэнца Патанэ, сястра Жэнеўеў запрасіла Францішка ў залу, дзе звычайна святкуюцца дзіцячыя дні нараджэння. Пад бурныя апладысменты Папа заехаў у залу ў вазку, яго асістэнты раздалі ўсім прысутным ружанцы і цукеркі. Пантыфік узяў мікрафон і выказаў супольнасці парку атракцыёнаў сваю асабістую падзяку за тое, што яны выклікаюць усмешкі на тварах людзей.