Пошук

Папа падчас сустрэчы з Рыцарамі Калумба ў Ватыкане. 10 лютага 2020 года. Архіўнае фота Папа падчас сустрэчы з Рыцарамі Калумба ў Ватыкане. 10 лютага 2020 года. Архіўнае фота  (Vatican Media)

Папа Рыцарам Калумба: маліцца аб трыумфе міра Хрыста ў сэрцах

“У гэты час, пазначаны новымі войнамі, канфліктамі і грамадскімі беспарадкамі” Францішак заклікае ўсіх хрысціян “маліцца аб справядлівасці, міры і прымірэнні ў нашай чалавечай сям’і”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік скіраваў пасланне на імя Патрыка Кэлі, Вярхоўнага рыцара міжнароднай арганізацыі мужчын-католікаў Рыцары Калумба (Knights of Columbus). Яна аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах каля 2 мільёнаў чалавек, якія кіруюцца прынцыпамі міласэрнасці, адзінства, братэрства, патрыятызму і падтрымліваюць шматлікія дабрачынныя праекты ў розных частках свету. 6-8 жніўня ў канадскім Квебеку праходзіць 142-гі штогадовы сход гэтай арганізацыі.

У лісце за подпісам кардынала П’етра Параліна, Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы, адзначаецца, што Францішак асабліва ўдзячны “за намаганні рыцараў у клопаце пра патрэбы нашых братоў і сясцёр у ахопленай вайной Украіне, хрысціянскіх супольнасцяў на Блізкім Усходзе і ўсіх тых, хто пакутуе ад пераследу за веру ў Хрыста”: гэта “справы, якія асабліва блізкія яго сэрцу пастыра Паўсюднага Касцёла”.

Пантыфік просіць рыцараў і іх сем’і настойліва ўзносіць свае малітвы і ахвяраваць святыя Імшы за трыумф Хрыстовага міру ў сэрцах усіх людзей і за пабудову цывілізацыі любові.

Падкрэсліваецца таксама, што акрамя дабрачыннай дзейнасці Рыцараў Калумба важнымі з’яўляюцца іх намаганні па абароне Божага дару жыцця на ўсіх яго этапах, ахове годнасці інстытута сужэнства і прасоўванні місіі Касцёла ў краінах, якія развіваюцца.

У пасланні адзначаецца, што тэма сходу арганізацыі, звязаная з місійнасцю, перагукаецца з тым, пра што Францішак кажа ад самага пачатку свайго пантыфікату, нагадваючы, што “кожны хрысціянін з’яўляецца місіянерам настолькі, наколькі сустрэўся з любоўю Бога ў Хрысце Езусе”.

Менавіта “тэрміновая неабходнасць сведчыць пра гэту любоў, асабліва ў служэнні бедным і ў апостальскім імкненні да будавання Касцёла ў адзінстве, братэрстве і вернасці збаўчай праўдзе Евангелля” ляжыць ля вытокаў заснавання Рыцараў Калумба”, - гаворыцца ў пасланні за подпісам кардынала Параліна. Падкрэсліваецца таксама, што “пераследуючы гэтыя высакародныя мэты” Ордэн “ад самага свайго ўзнікнення надаваў вялікую ўвагу фармаванню сваіх членаў як людзей веры і сям’і”. У сувязі з гэтым важнае значэнне маюць яго праграмы па катэхізацыі і духоўным росце, накіраваныя на падтрымку сем’яў і іх неад’емнай сацыяльнай і адукацыйнай місіі.

Святы Айцец таксама ўдзячны Рыцарам Калумба за арганізацыю эўхарыстычнай пілігрымкі ў ЗША і фінансаванне рэстаўрацыі балдахіна над магілай святога Пятра ў Ватыкане, якая праводзіцца напярэдадні Юбілею 2025 года.
 

09 жніўня 2024, 09:01