Пошук

Папа сустрэўся з сем’ямі ахвяр выбухаў у порце Бейрута

Ліван ёсць і павінен застацца задумай міру. Яго пакліканне – быць зямлёй, дзе розныя супольнасці жывуць разам, ставячы агульнае дабро вышэй асабістых выгад, дзе розныя рэлігіі і канфесіі сустракаюцца ў братэрстве, - адзначыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

26 жніўня 2024 года Францішак сустрэўся ў Ватыкане з членамі сем’яў ахвяр выбухаў у порце Бейрута. У выніку тэхнагеннай катастрофы, якая здарылася ў жніўні 2020 года загінулі 210 чалавек, каля 6 тысяч атрымалі раненні, без даху над галавой засталіся каля 300 тысяч жыхароў ліванскай сталіцы, былі разбураны шматлікія аб’екты гарадской інфраструктуры. Трагедыя паглыбіла палітычны крызіс у краіне.

“Разам з вамі я ўспамінаю пра ўсіх тых, чые жыцці забраў той страшны выбух. Нябесны Айцец ведае іх абліччы, яны ўсе стаяць перад Імі... З неба яны бачаць вашы пакуты і моляцца аб іх заканчэнні”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа запэўніў сваіх гасцей, што разам з імі просіць аб праўдзе і справядлівасці, якія дагэтуль не наступілі. “Мы ўсе ведам, што гэта пытанне складанае і цярністае, што на яго накладаюць адбітак супрацьлеглыя сілы і інтарэсы. Але праўда і справядлівасць павінны пераважаць над усім. Мінула чатыры гады, ліванскі народ, і ў першую чаргу вы, мае права на словы і факты, якія прадэманструюць адказнасць і празрыстасць”, - падкрэсліў Францішак.

“Разам з вамі я адчуваю боль ад таго, што кожны дзень з-за вайны ў вашым рэгіёне, у Палесціне і Ізраілі, гіне так шмат нявінных людзей, а Ліван расплачваецца за гэта. “Кожная вайна пакідае наш свет у горшым стане, чым яго застала. Вайна – гэта правал палітыкі і чалавецтва, ганебная капітуляцыя, горкая паразай перад сіламі зла” (Fratelli tutti, 261)” - дадаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што моліцца аб міры для Блізкага Усходу, у тым ліку для Лівана. “Ліван ёсць і павінен заставацца задумай міру... Яго пакліканне – быць зямлёй, дзе розныя супольнасці жывуць разам, ставячы агульнае дабро вышэй асабістых выгад, дзе розныя рэлігіі і канфесіі сустракаюцца ў братэрстве”, - сцвердзіў Святы Айцец.

“Сёстры і браты, я хацеў бы, каб кожны з вас адчуваў, разам з маёй любоўю, таксама і любоў усяго Касцёла... Я ведаю, што вашы пастыры, законнікі і законніцы, блізкія да вас: ад усяго сэрца дзякую за тое, што яны зрабілі і працягваюць рабіць. Вы не самотныя і мы не пакінем вам саміх, але застанёмся салідарнымі з вамі праз малітву і канкрэтныя праявы любові”, - сказаў Папа, нагадваючы, што кедравае дрэва – сімвал Лівана – заклікае ўзносіць вочы ўгару, а значыць спадзявацца на Бога, які ніколі не расчаруе.
 

26 жніўня 2024, 10:31