Пошук

Папа з лідарамі Касцельнай сеткі арганізаваных супольнасцей (RECOR) Папа з лідарамі Касцельнай сеткі арганізаваных супольнасцей (RECOR) 

Святы Айцец сустрэўся з касцельнымі актывістамі з ЗША

28 жніўня 2024 года Святы Айцец прыняў у Доме Святой Марты лідараў Касцельнай сеткі арганізаваных супольнасцей (RECOR) са Злучаных Штатаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Каля дваццаці прадстаўнікоў духавенства і свецкіх вернікаў прадставілі Францішку новую касцельную структуру, якая пры падтрымцы каталіцкіх біскупаў імкнецца ўзяць на сябе вядучую ролю ў фарміраванні і ўвасабленні сацыяльнага вучэння Касцёла.

Падчас сустрэчы Папа заахвоціў сваіх гасцей будаваць сінадальны мост. "Францішак вельмі цэніць здольнасць людзей самаарганізоўвацца. У гэтым заключаецца багацце народа. Акрамя таго, ён нагадаў нам словы Паўла VI, які казаў, што палітыка – гэта самы моцны выраз міласэрнасці", - сказаў пасля аўдыенцыі Хорхе Манціэль, арганізатар Сеткі ў заходніх і паўднёва-заходніх штатах.

"Папа заахвоціў нас рухацца наперад, дзейнічаць і не заставацца абыякавымі", - падзялілася Марыя Гвадалупэ Вальдэс з дыяцэзіі Сан-Антоніа ў штаце Тэхас. Элізабет Вальдэс, чалец Industrial Areas Foundation – West/Southwest, адзначыла, што сетка складаецца з парафій, прафсаюзаў, універсітэтаў і іншых арганізацый, з каталіцкай большасцю, але таксама ў яе ўвайшлі прадстаўнікі пратэстантызму, юдаізму і ісламу.

Біскупская рада Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAM) стварыла Касцельную сетку арганізаваных супольнасцей (RECOR) з мэтай абмену досведам супольнасці і кампетэнцыямі паміж Паўднёвай і Паўночнай Амерыкай. Вытокі Сеткі сягаюць 2021 года, калі выканаўчы камітэт Industrial Areas Foundation – West/Southwest упершыню сустрэўся з Папам Францішкам у Рыме.
 

29 жніўня 2024, 09:34