Пошук

Францішак: сведчанне веры патрабуе моцы Святога Духа

Без Святога Духа Касцёл не можа ісці наперад, не можа расці, не можа абвяшчаць Евангелле, - нагадаў Папа падчас першай пасля летняга адпачынку агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 7 жніўня 2024 года ў Зале Паўла VI у Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак прысвяціў катэхезу дзейнасці Святога Духа ў справе Адкуплення. Ён нагадаў, што, згодна з Евангеллем, “Марыя зачала ад Духа Святога” (Мц 1,18), таму Касцёл вызнае ў Сімвале веры, што Божы Сын “уцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам”. Гэта праўда была сфармулявана на Першым Канстанцінопальскім Саборы ў 381 годзе, яшчэ да падзелу хрысціянства, і выражаецца ў малітве Анёл Панскі.

Пантыфік падкрэсліў, што гэта “дазваляе нам казаць пра Марыю як пра дасканалую Нявесту, якая з’яўляецца вобразам Касцёла”. Паралель паміж Марыяй, што нараджае Сына, “напоўненая Святым Духам”, і Касцёлам, паўтараецца ў дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл Lumen gentium.

“Праз веру і паслухмянасць Яна нарадзіла на зямлі самога Сына Айца, прытым не пазнаўшы мужа, напоўненая Духам Святым... Разважаючы над Яе таямніцай, наследуючы Яе любоў і верна выконваючы волю Айца дзякуючы прынятаму з верай Божаму слову, Касцёл сам становіцца маці, бо праз прапаведаванне і хрост ён нараджае да новага і несмяротнага жыцця дзяцей, зачатых ад Духа Святога і народжаных ад Бога” (63,64), - працытаваў дакумент Другога Ватыканскага Сабора Папа.

Францішак заўважыў, што як Марыя спачатку зачала, а потым нарадзіла Езуса, так і Касцёл спачатку прыняў Божае слова, дазволіў, каб яно “прамовіла да яго сэрца”, а затым даў яго на свет сваім жыццём і прапаведаваннем. Папа падкрэсліў, што прапаведаванне без прыняцця Святога Духа – бясплённае.

Пантыфік адзначыў, што таямніца зачацця Божага Сына ва ўлонні была незразумелай для Марыі, якая пачуўшы словы Анёла, спытала: “Як станецца гэта?”. Гэтым жа пытаннем спантанна задаецца Касцёл, калі апынаецца перад задачамі, што пераўзыходзяць яго сілы. І сёння, сутыкаючыся з місіяй абвяшчэння Езуса Хрыста і Яго збаўлення ў свеце, які, здаецца, шукае толькі дабрабыту, мы чуем адказ: “Прымеце моц Духа Святога, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі” (Дз 1,8). “Без Святога Духа Касцёл не можа ісці наперад, Касцёл не можа расці, Касцёл не можа абвяшчаць Евангелле”, - сцвердзіў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што гэта датычыць не толькі Касцёла ў цэлым, але таксама кожнага хрысціяніна, калі ён сустракаецца ў сітуацыямі, што пераўзыходзяць яго сілы. У гэты час трэба памятаць, што “для Бога няма нічога немагчымага”. “Калі будзем верыць у гэта – будзем чыніць цуды”, - запэўніў Францішак.
 

07 жніўня 2024, 09:52

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >