Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: літургічная малітва – гэта школа адзінства

Папа вылучыў чатыры прыярытэты для літургіі, заклікаючы развіваць яе харальны характар, асэнсоўваць важнасць спеву і момантаў цішыні, а таксама прасоўваць літургічнае служэнне з увагай да разнастайнасці дароў Святога Духа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец даслаў пасланне арцыбіскупу Клаўдыё Ман’ягу, старшыні італьянскага Цэнтра літургічнага дзеяння з нагоды 74-га Нацыянальнага літургічнага тыдня. Форум праходзіць з 26 па 29 жніўня 2024 года ў горадзе Модэна на тэму: У літургіі сапраўдная малітва Касцёла. Божы народ і ars celebrandi.

Літургічная малітва – гэта школа адзінства, якая вызваляе сэрца ад абыякавасці, скарачае адлегласць паміж братамі і дазваляе злучыцца з пачуццямі Езуса, - гаворыцца ў дакуменце, скіраваным за подпісам кардынала П’етра Параліна, Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы.

Жэсты літургічнай асамблеі – збірацца разам, знаходзіцца ў тым ці іншым палажэнні, прабываць у маўчанні, задзейнічаць голас і пачуцці – гэта спосабы ўдзелу ў цэлебрацыі. Паўтарэнне адных і тых жа слоў і жэстаў умацоўвае ўсю супольнасць, дапамагаючы вернікам адкрываць сваю ўнікальнасць “не ў індывідуалістычных устаноўках, а ў асэнсаванні сябе адзіным целам”, - адзначыў ён.

Францішак заклікаў адкрыць нанова харальнасць літургічнай малітвы, праз якую, спалучаючыся з мацярынскай мовай Касцёла, мы становімся адзіным целам і адзіным голасам з Хрыстом, які моліцца за нас і ў нас. Ён пажадаў, каб каталіцкія супольнасці, у першую чаргу адкрываючы для сябе малітву Псальмаў, “навучыліся жыць, у літургіі і жыцці, каштоўнасцю адзінства і еднасці”.

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на важнасць літургічнага спеву. “Музыка ў літургіі – гэта не дэкаратыўны элемент, а яе неад’емная і неабходная частка”, якая патрабуе асаблівага клопату. Пантыфік адзначыў важнасць літургічнага спеву падчас нядзельнай Імшы, бо праз сугучча галасоў выяўляецца духоўнае адзінства тых, хто прымае Эўхарыстыю.

Трэцяя парада Папы тычылася цішыні і маўчання, падчас літургіі, неабходных, каб супрацьстаяць “нястрымнаму рытму, шуму і пустаслоўю, што падсцерагаюць нас у паўсядзённым жыцці”. Цішыня дапамагае прабываць у любові Пана, развіваць сузіральны позірк і дазваляе Святому Духу ператвараць нас, - нагадаў ён.

Францішак заахвоціў прасоўваць таксама літургічнае служэнне, разглядаючы яго з пункту гледжання разнастайнасці дароў Святога Духа ў хрысціянскай супольнасці. Разнастайнае служэнне, з’яднанае ў Хрысце, садзейнічае ўдзелу парафіян і ўзаемнай адказнасці ў місіі Касцёла, выяўляючы, у прыватнасці, яго сінадальную прыроду, - адзначыў Святы Айцец.
 

27 жніўня 2024, 11:46