Святы Айцец: бачыць у моладзі патэнцыял дабра
Аляксандр Панчанка - Vatican News
26 жніўня 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў генеральнага капітула кангрэгацыі Аблатаў святога Юзафа. Гэта манаская супольнасць была заснавана ў 1878 годзе святым біскупам Джузэпэ Марэлам у італьянскім горадзе Асці, недалёка ад Турына, адкуль паходзяць продкі Папы Францішка.
Святы Айцец прапанаваў сваім гасцям паразважаць над некаторыя вымярэннямі, уласцівымі святому Юзафу з Назарэта, нябеснаму апекуну іх супольнасці: непрыкметнасцю, бацькоўствам і ўвагай да самых апошніх.
Моладзь патрабуе не нас: яна патрабуе Бога!
У першую чаргу Пантыфік адзначыў непрыкметнасць. “Святы Джузэпэ Марэла абагульніў гэту каштоўнасць у дэвізе: Картузіянцы дома і апосталы па-за домам, - сказаў Францішак, нагадваючы законнікам пра важнасць глыбокага малітоўнага жыцця, прыняцця сакрамэнтаў, слухання Божага слова і разважання над ім, а таксама эўхарыстычнай адарацыі, як асабістай, так і супольнай.
“У першую чаргу менавіта так святы Юзаф адказаў на вялікі дар мець у сваім доме Божага Сына, які стаў чалавекам: ён прабываў з Ім, слухаў Яго, гаварыў з Ім і кожны дзень дзяліў з Ім жыццё. Давайце памятаць: без Езуса мы не вытрываем!”, - падкрэсліў Пантыфік, дадаючы, што прабыванне ў блізкасці з Хрыстом мае важнае значэнне для працы з моладдзю, да якой пакліканы аблаты.
“Моладзь патрабуе не нас: яна патрабуе Бога! І чым больш мы будзем жыць у прысутнасці Бога, тым больш будзем здольным дапамагаць ёй сустрэць Яго, без непатрэбнага пратаганізму і маючы ў сэрцы толькі клопат пра яе збаўленне і поўнае шчасце. Наша моладзь – і, па праўдзе кажучы, крыху ўсе мы – жыве ў свеце вонкавасці, у якім галоўнае – гэта выглядаць, прымаць пахвалу, пастаянна атрымліваць новыя ўражанні. Але жыццё, пражытае “звонку”, пакідае чалавека пустым усярэдзіне, падобна таму, хто праводзіць увесь свой час на вуліцы і даводзіць свой дом да заняпаду з-за адсутнасці клопату і любові. Зрабіце вашы сэрцы, вашы супольнасці, вашы кляштары месцамі, дзе можна адчуць і падзяліць цеплыню адносін з Богам і братамі і сёстрамі”, - заклікаў Пантыфік.
Бачыць у моладзі патэнцыял дабра і дапамагчы яму прынесці плён
Другой рысай святога Юзафа, важнай для жыцця законнікаў і іх служэння Касцёлу, Францішак назваў бацькоўства. Яно павінна праяўляецца ў клопаце пра моладзь, часта бедную, пакінутую, дэзарыентаваную, якую крытыкуюць, што несправядліва і бескарысна. Папа заклікаў аблатаў намагацца ўбачыць у моладзі патэнцыял дабра, які толькі чакае, каб расквітнець і прынесці плён з дапамогай мудрых, цярплівых і велікадушных пастыраў. Ён заахвоціў дбаць пра цэласнае дабро маладых людзей, прысутнічаць побач з імі і іх сем’ямі, паважаць час і магчымасці кожнага. “Гэта вялікая, складаная праца, але неад’емная, заўсёды, асабліва ў нашы дні”, - сцвердзіў Пантыфік.
Прымяць і раздзяляць беднасць моладзі
У апошняй частцы сваёй прамовы Папа заклікаў душпастыраў мець увагу да самых апошніх. “Тое, што ўражвае ў святым абранніку Марыі, гэта велікадушная вера, з якой ён прыняў у свой дом і сваё жыццё Бога, што, насуперак усялякім чаканням, з’явіўся ля яго дзвярэй у выглядзе сына ўразлівай дзяўчыны”, - сказаў Францішак, адзначаючы, што Юзаф “прызнаў у іх беднасці рэальную прысутнасць Бога, і зрабіў яе сваёй, злучыў яе са сваёй уласнай”.
Святы Айцец заклікаў аблатаў натхняцца гэтым прыкламам, падзяляючы беднасць сваіх выхаванцаў. “Менавіта гэтаму вучыць нас Бог, які сам стаў бедным; менавіта гэтаму вучыў нас святы Джузэпэ Марэла, адводзячы ў сваім пастырскім сэрцы асаблівае месца для самай праблемнай моладзі, для “беднай моладзі”, як ён любіў казаць, і менавіта да гэтага заклікае нас сёння Пан”, - сцвердзіў Пантыфік.