Святы Айцец: папулізм у Еўропе аслабляе ідэалы братэрства
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Еўрапейскага форума ў Альпбаху – міжнароднай сустрэчы, якая праводзіцца з 1945 года ў Аўстрыі для абмеркавання і пошуку ідэй вырашэння праблем Еўропы і свету. На канферэнцыі сабраліся палітыкі, навукоўцы, бізнесмены, дзеячы культуры, грамадзянскай супольнасці і студэнты з розных краін кантынента.
“Калі думаю пра Еўропу, я перш за ўсё думаю пра кантынент правоў чалавека. У першую чаргу менавіта тут важныя ўніверсальныя правы чалавека атрымалі сваё развіццё”, - падкрэсліў Папа.
Святы Айцец адзначыў, што “ў цяперашні час мы перажываем крызіс у Еўропе, які, як і любы крызіс, нясе ў сабе небяспекі і магчымасці”. Гэта “час, калі ўмацоўваюцца розныя папулісцкія рухі, што выклікана, галоўным чынам, “эканамічнымі і палітычнымі фактарамі”, - дадаў ён.
“Папулісцкая “хваля” ў Еўропе прывяла да таго, што некаторыя ідэалы зніклі, а некаторыя важныя прынцыпы, якія тычацца адносін да самых слабых членаў грамадства, адышлі на другі план”, - падкрэсліў Папа, адзначаючы, што “гэтыя ідэалы і прынцыпы, сярод якіх асаблівае месца займаюць прынцыпы чалавечай годнасці і братэрства, заўсёды былі звязаны з евангельскай матрыцай”.
Францішак заўважыў, што ў выніку культурных змен сёння Касцёл пакліканы жыць у секулярызаваным грамадстве; але “гэта не павінна ні здзіўляць, ні палохаць, таму што Бог прысутнічае і ў такім свеце”. Ён адзначыў, што ў гэтым кантэксце хрысціяне пакліканы з абноўленым запалам прыўносіць у жыццё багацце каталіцкага сацыяльнага вучэння.
Пантыфік нагадаў, што Еўрапейскі саюз з моманту свайго заснавання мае ўніверсалісцкія рысы, і выказаў спадзяванне, што ён іх не згубіць. “Таму еўрапейскія грамадствы пакліканы шукаць шляхі і сродкі для змяншэння палярызацыі ўнутры сябе і заставацца адкрытымі на свет, які акружае іх”, - напісаў Папа, заклікаючы ўдзельнікаў форума ў Альпбаху быць прыцягальнымі сведкамі еўрапейскіх ідэалаў.