Брыфінг Папы: пра Кітай, выбары ў ЗША і глабальныя выклікі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Вайна ў Газе - гэта занадта!", - эмацыйна заявіў Пантыфік, выказваючы глыбокую занепакоенасць лёсам мірнага насельніцтва. Ён падкрэсліў, што колькасць ахвяр у Газе ўжо перавысіла 41 тысячу чалавек. Папа рэзка асудзіў бамбардзіроўкі школ і забойства дзяцей, нават калі ёсць падазрэнні аб прысутнасці там баевікоў. "Гэта жахліва, гэта жахліва", - паўтарыў ён.
Святы Айцец прызнаўся, што штодня звязваецца з каталіцкай парафіяй у Газе, дзе знаходзяцца 600 чалавек – хрысціяне і мусульмане, якія жывуць як браты. Ён расказаў пра цяжкія і жудасныя рэчы, пра якія яму паведамляюць адтуль.
Закранаючы тэму выбараў у ЗША, Францішак адзначыў складанасць выбару для каталікоў паміж кандыдатамі з рознымі пазіцыямі па пытаннях абортаў і міграцыі. Ён падкрэсліў, што абодва пытанні звязаны з паняццем жыцця: "І той, хто выганяе мігрантаў, і той, хто забівае дзяцей, выступаюць супраць жыцця". Пантыфік заклікаў выбарцаў кіравацца сваім сумленнем і выбіраць "меншае зло".
Гаворачы пра Кітай, Папа выказаў задавальненне ходам дыялогу паміж Святым Пасадам і КНР, асабліва ў пытанні прызначэння біскупаў. Ён назваў Кітай "надзеяй і абяцаннем для Касцёла", выказаўшы жаданне наведаць гэту краіну. "Я захапляюся Кітаем, паважаю Кітай. Гэта краіна з тысячагадовай культурай, са здольнасцю да дыялогу і ўзаемаразумення", - адзначыў Францішак.
Пантыфік таксама падзяліўся думкамі пра доўгае падарожжа па краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. Ён быў уражаны міжрэлігійнай гармоніяй у Сінгапуры, назваўшы краіну "Нью-Ёркам Усходу". Пра Усходні Тымор Францішак сказаў, што "палюбіў" краіну з яе простай, сямейнай і радаснай культурай. Ён таксама выказаў задавальненне візітам у Інданезію і Папуа-Новую Гвінею, адзначыўшы іх развіццё і культурную разнастайнасць.
Закранаючы пытанне кліматычных змен, Святы Айцец выказаў занепакоенасць тым, што пасля Парыжскага пагаднення 2015 года прагрэс у гэтай сферы запаволіўся. "Шмат гаворыцца, але мала робіцца", - падкрэсліў ён, заклікаючы да больш актыўных дзеянняў у барацьбе са зменай клімату.
Папа таксама закрануў тэму сексуальных злоўжыванняў у Касцёле, падкрэсліўшы неабходнасць выкрыцця такіх выпадкаў і асуджэння вінаватых. "Злоўжыванне – гэта дэманічная рэч, бо яно разбурае годнасць чалавека", - заявіў ён.
У заключэнне Францішак заклікаў да дыялогу і міру ва ўсіх канфліктных сітуацыях, у тым ліку ў Венесуэле. Ён падкрэсліў, што вайна заўсёды з'яўляецца паражэннем для ўсіх бакоў, і заклікаў да братэрства і ўзаемаразумення паміж народамі.
Што тычыцца магчымага візіту ў Аргенціну, Папа адзначыў, што гэта пытанне пакуль не вырашана, хоць ён і хацеў бы наведаць сваю Радзіму.