Францішак у школе Caritas – сустрэча з будучыняй

7 верасня 2024 года ў Порт-Морсбі, сталіцы Папуа-Новай Гвінеі, адбылася знакавая падзея. Папа наведаў Тэхнічную сярэднюю школу Caritas, дзе сустрэўся з дзецьмі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Школа Caritas, заснаваная ў 1995 годзе Місіянеркамі Любові Маці Тэрэзы з Калькуты, з'яўляецца жаночай навучальнай установай. Яна імкнецца не толькі даваць адукацыю, але і прывіваць хрысціянскія каштоўнасці, рыхтуючы маладых жанчын да будучага працаўладкавання ці распачацця ўласнай справы.

Каля 16.50 па мясцовым часе Папа прыбыў у адукацыйную ўстанову. Яго сустрэлі арцыбіскуп Порт-Морсбі, настаяцельніца манаскай супольнасці і дырэктар школы. Двое дзяцей у нацыянальных строях уручылі яму кветкі. Пад спевы хору Пантыфік прайшоў праз цэнтр, прывітаў каля 900 вучняў і заняў месца на сцэне.

Праграма візіту ўключала прывітальнае слова мясцовага арцыбіскупа, традыцыйныя танцы, пытанні ад дзяцей з Службы Калана (Callan Services) і Вулічнага служэння (Street Ministry), кароткі зварот Святога Айца, благаслаўленне і групавое фота.

Служба Калана з'яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком паслуг для людзей з інваліднасцю ў краіне, а Вулічнае служэнне, заснаванае ў 2010 годзе, дапамагае бяздомным дзецям, прапануючы ім адукацыю і неабходныя рэчы.

Гэты візіт падкрэсліў увагу Францішка да праблем адукацыі, інваліднасці і дзіцячай беспрытульнасці, а таксама меў на мэце падтрымаць намаганні мясцовых арганізацый у вырашэнні гэтых пытанняў.
 

07 верасня 2024, 09:46