Папа ў Бельгіі наведае адзін з самых вялікіх касцёлаў у свеце
Ян Глінскі
Святыня з’яўляецца пятым па велічыні касцёлам у свеце і самым вялікім у свеце касцёлам у стылі Art Deco. Па плошчы яна саступае толькі базіліцы святога Пятра ў Ватыкане, базіліцы Нотр-Дам-дэла-Пэ ў Ямусукра ў Кот-д’Івуары, базіліцы святога Паўла ў Лондане і базіліцы Санта-Марыя-дэль-Ф’ёрэ ў Фларэнцыі.
Ідэя ўзвядзення велічнага будынку ў раёне Кукельберг узнікла напрыканцы ХІХ стагоддзя. Кароль Леапольд ІІ марыў ператварыць Брусель у другі Парыж. Па прыкладзе французскай сталіцы ён загадаў пабудаваць вялікія бульвары ў верхняй і ніжняй частках горада, парк з трыумфальнай аркай і многія іншыя велічныя будынкі.
Манарх хацеў узвесці таксама нацыянальны пантэон, прысвечаны памяці бельгійцаў, якія аддалі жыццё ў барацьбе за незалежнасць. Аднак, гэта ідэя не была падтрымана заможнай каталіцкай буржуазіяй, якая схілялася да стварэння не свецкага будынку, а вялікага касцёла, як нацыянальнага цэнтра малітвы і духоўнасці.
У 1902 годзе Леапольд ІІ вярнуўся з паездкі ў Парыж і, уражаны вялікім касцёлам Сакрэ-Кёр, будаўніцтва якога завяршалася тады на Манмарце, захацеў таксама пабудаваць вялікі храм, прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, толькі яшчэ большых памераў.
Будаўніцтва было даручана архітэктару П’еру Ланжероку, які падрыхтаваў праект у неагатычным стылі. У 1909 годзе Леапольд ІІ памёр, не ўбачыўшы нават сцены храма сваёй мары – на той час зроблены былі толькі некаторыя часткі падмурка, – а з пачаткам Першай сусветнай вайны будаўнічыя працы ўвогуле спыніліся.
У 1920 годзе першы праект нацыянальнай святыні было вырашана пераглядзець, бо яго ўзвядзенне патрабавала вялікіх сродкаў. Адным з патрабаванняў для архітэктараў было стварэнне ў касцёле дзесяці капліц: па адной для кожнай з дзевяці правінцый краіны і адну для Конга – тагачаснай калоніі Бельгіі. У выніку праца да будаўніцтве касцёла была даручана фламандцу Альберту ван Хафелю. Яго праект атрымаў міжнародную прэмію ў 1925 годзе, што пацвердзіла правільнасць выбару.
Побач з будаўнічай пляцоўкай адразу ўзнік духоўны асяродак, таму гэта месца ад самага пачатку суправаджалася малітвай, асабліва за мір, бо ў 1939 годзе ўзвядзенню святыні ў другі раз перашкодзіла сусветная вайна. Яно аднавілася ў 1946 годзе і працягвалася да 1969 года. Пасля смерці Альберта ван Хафеля працу завяршыў яго вучань Поль Рым. Святыня была ўрачыста адкрыта ў 1970 годзе і да сённяшняга дня застацца важным месцам духоўнасці і малітвы для ўсяго бельгійскага народа.