Францішак здымецца ў дакументальным фільме пра праблемы моладзі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сустрэча прайшла ў Ватыкане ў канцы жніўня 2024 года. Прадстаўнікі Vitae Global ужо сустракаліся са Святым Айцом у 2022 годзе на форуме, які сабраў у Ватыкане вядомых творцаў. Тады яны абмяркоўвалі перспектывы развіцця культуры сустрэчы, надзеі і адзінства праз мастацтва і забавы. Сёння, калі многія праекты ўжо ідуць поўным ходам, яшчэ адна сустрэча з Францішкам надала іх місіі новы імпульс.
“Папа сказаў нам: Нарабіце яшчэ больш шуму”, - распавёў старшыня Vitae Global Луіс Кінэлі. Арганізацыя плануе рэалізаваць серыю мерапрыемстваў пад агульнай назвай Vitae Fest. Гэта будзе музычна-тэатральны фестываль евангелізацыі. У бліжэйшыя месяцы такія фестывалі пройдуць у Мексіцы і Лос-Анджэлесе. А падчас Юбілею 2025 года плануецца правесці яго ў Рыме на пляцоўцы Вялікага цырка (Circo Massimo). Кінелі таксама паведаміў аб тым, што Пантыфік пагадзіўся прыняць удзел у дакументальным фільме пра выклікі і праблемы сучаснай моладзі.
У сустрэчы Vitae Global прымалі ўдзел прадстаўнікі Аргенціны, Вялікабрытаніі, ЗША, Іспаніі, Мексікі і Францыі. Яны абмяркоўвалі праблемы, з якімі сутыкаюцца новыя пакаленні. Удзельнікі сустрэчы пацвердзілі сваю адданасць канцэпцыі Vision 2033, мэта якой – данесці пасланне Езуса да мільярда маладых людзей.