Францішак адмяніў аўдыенцыі праз лёгкі грып
23 верасня 2024 года Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла пра адмену запланаваных папскіх аўдыенцый. Прычынай рашэння стала лёгкая форма грыпу ў Францішка, а таксама меры засцярогі ў сувязі з яго хуткім замежным візітам.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Нягледзячы на часовае нездароўе, Святы Айцец мае намер здзейсніць сваё 46-е апостальскае падарожжа ў Люксембург і Бельгію. Адпраўленне з Рыма запланавана на чацвер, 26 верасня 2024 года, у 8.05 раніцы. Вяртанне Святога Айца ў Вечны горад чакаецца ў нядзелю, 29 верасня 2024 года, прыкладна ў 14.55.
Варта адзначыць, што ўжо праз некалькі дзён пасля вяртання, а менавіта 2 кастрычніка 2024 года, павінна адбыцца ўрачыстае адкрыццё другой часткі Сінода па сінадальнасці – важнай падзеі ў жыцці Каталіцкага Касцёла.
Рашэнне аб адмене аўдыенцый было прынята з мэтай забяспечыць поўнае аднаўленне здароўя Папы перад яго блізкім візітам у краіны Бенiлюкса і ўдзелам у Сінодзе.
23 верасня 2024, 10:13