Пошук

Францішак пасля прыбыцця ў Джакарту Францішак пасля прыбыцця ў Джакарту  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Інданезія: першы дзень візіту Папы прызначаны для акліматызацыі

3 верасня 2024 года Францішак распачаў свой візіт у Інданезію. Першы дзень яго прабывання ў Джакарце прызначаны для адпачынку і акліматызацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля дня адпачынку, афіцыйныя сустрэчы пачнуцца 4 верасня 2024 года цырымоніяй перад прэзідэнцкім палацам у Джакарце. Затым Святы Айцец сустрэнецца з прадстаўнікамі палітычнага, грамадскага і рэлігійнага свету. Адзін з найважнейшых пунктаў падарожжа Папы будзе мець месца ў чацвер, 5 верасня 2024 года: Францішак будзе прысутнічаць на міжрэлігійнай урачыстасці ў мячэці Істыкляль, самым вялікім мусульманскім храме ў Паўднёва-Усходняй Азіі.

Пасля візіту ў найбуйнейшую мусульманскую краіну свету па колькасці насельніцтва, Пантыфік накіруецца ў пятніцу, 6 верасня 2024 года, у Порт-Морсбі, сталіцу пераважна хрысціянскай Папуа-Новай Гвінеі. Адтуль ён таксама здзейсніць аднадзённую паездку ў прыморскі горад Ваніма на мяжы з інданезійскай Заходняй Новай Гвінеяй.

9 верасня Францішак паляціць ва Усходні Тымор. Запланаваны двухдзённы побыт у сталіцы Дзілі, перш чым Папа выправіцца да апошняга прыпынку свайго падарожжа: шматэтнічнага і шматрэлігійнага горада Сінгапур. Адтуль, 13 верасня 2024 года, ён вернецца ў Рым.

Асноўныя пункты праграмы візіту 87-гадовага кіраўніка Каталіцкага Касцёла размеркаваны пераважна на ранішнія і дзённыя гадзіны, з працяглымі перапынкамі на адпачынак.

Францішак стаў трэцім Пантыфікам, які наведвае Інданезію, пасля святога Паўла VI у 1970 годзе і святога Яна Паўла II у 1989 годзе.

У групе, якая суправаджае Францішка, знаходзяцца, між іншым, пра-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, кардынал Луіс Тагле, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, а таксама субстытут па агульных справах, арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара.
 

03 верасня 2024, 07:16