Кардынал Грэк: Сінод – гэта ў першую чаргу малітва
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Сінод – гэта ў першую чаргу малітва. У першую чаргу нам неабходна слухаць Пана, Яго слова, даверанае ў Святым Пісанні, Яго Духа, які прамаўляе да сэрцаў вернікаў”, - падкрэсліў Генеральны сакратар Сінода Біскупаў, дадаючы, што гэта слуханне робіць нас “здольнымі слухаць адзін аднаго, распазначыючы ў тым, што кажа іншы, голас Святога Духа”.
Іерарх заўважыў, што менавіта па гэтай прычыне другой сесіі Сінода аб сінадальнасці будуць папярэднічаць двухдзённыя рэкалекцыі, якія з 30 верасня па 1 кастрычніка адбудуцца ў Ватыкане пад кіраўніцтвам англійскага дамініканіна, айца Цімаці Рэдкліфа, і італьянскай бэнэдыктынкі, сястры Марыі Ігнацыі Анджэліні. Разам з італьянскім камедулам, айцом Матэа Ферары, і іншымі манахамі гэтага ордэна, яны будуць праводзіць таксама малітвы на працягу Сінода.
Кардынал Грэк расказаў, што рэкалекцыі завершацца пакаянным малітоўным чуваннем, якое пройдзе ўвечары 1 кастрычніка ў ватыканскай базіліцы святога Пятра пад кіраўніцтвам Папы. У ім запрашаюцца прыняць удзел усе жадаючыя, асабліва моладзь.
“У вігілію такой урачыстай касцёльнай падзеі, якой з’яўляецца Сінод, усклікаючы да Божай міласэрнасці, будуць названы па імені некаторыя грахі, якія выклікаюць найбольшы боль і сорам”, - сказаў іерарх, заўважаючы, што падчас чування прагучаць сведчанні трох людзей, якія пацярпелі ад гэтых грахоў. Затым адбудзецца вызнанне розных грахоў, на заканчэнне якога Папа скіруе ад імя ўсіх хрысціян просьбу аб прабачэнні да Бога і братоў і сясцёр усяго чалавецтва.
11 кастрычніка пройдзе экуменічная малітва разам са Святым Айцом і братэрскімі дэлегатамі іншых хрысціянскіх Цэркваў, прысутнымі ў сінадальнай зале (колькасць якіх вырасла з 12 да 16), і касцёльных супольнасцей Рыма. Малітва будзе падрыхтавана ў супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй спрыяння хрысціянскаму адзінству і Супольнасцю Тэзэ. Яна адбудзецца на ватыканскай Плошчы рымскіх першамучанікаў – месцы, дзе, згодна з традыцыяй, адбылося мучаніцтва святога Пятра.
Дата правядзення міжканфесійнай малітвы – 11 кастрычніка – была выбрана, каб згадаць пра 62-ю гадавіну адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора: ён даў пачатак новай экуменічнай эпосе, выразам і сведкам якой ёсць Сінод, - патлумачыў кардынал Грэк.
Перад заканчэннем Сінода, 21 кастрычніка, яго ўдзельнікі перажывуць яшчэ адзін дзень духоўных практыкаванняў, каб напярэдадні аналізу чарнавога варыянту Выніковага дакумента сходу, у малітве прасіць Пана аб Яго дарах.
Кардынал заўважыў, што ўдзельнікі Асамблеі будуць збіраюцца на супольнай Эўхарыстыі прынамсі адзін раз на тыдзень. Акрамя таго, пройдуць святыя Імшы на адкрыццё і закрыццё форума. Іерарх пажадаў, каб у малітве за Сінод злучыўся ўвесь Касцёл. “Як было б цудоўна, каб прынамсі па нядзелях, у кожнай парафіі, ва ўсім сферы, супольна маліліся да Пана аб працы Сінода”, - сказаў Генеральны сакратар Сінода Біскупаў.